Сьветлай памяці Тодара Данілюка.
У гэты дзень, 29-га ліпеня 1960 г памёр беларускі рэлігійны й грамадзкі дзеяч, сябра Ваўкавыскага БНК, лейтэнант Беларускай краёвай абароны, удзельнік Слуцкага паўстаньня, адзін з ініцыятараў аднаўленьня БАПЦ на эміграцыі, удзельнік беларускага хрысьціянскага руху XX ст. Тодар Данілюк.
Нарадзіўся Тодар Данілюк ў в. Сурынка Слонімскага павета 12 жніўня 1877 г. Скончыў духоўную семінарыю пры Жыровіцкім манастыры. Працаваў настаўнікам, псаломшчыкам. Са жніўня 1914 года быў у войску. Скончыў Гатчынскую вайсковую школу. У жніўні 1917 года ўдзельнічаў у зьезьдзе беларусаў-вайскоўцаў у Маскве. З кастрычніка 1917 года на Румынскім фронце, камісар 4-га беларускага корпусу. пасля дэмабілізацыі якога ў красавіку 1918 года выехаў у Таганрог, дзе на той момант жыла ягоная сям’я. У верасні 1918 года разам з сям’ёй вярнуўся ў в. Вярэйкі Ваўкавыскага павету. У сьнежні 1918 года выступіў адным з арганізатараў сялянскага павятовага з’езду ў Ваўкавыску. На зьездзе была створана Ваўкавыская беларуская сялянская павятовая рада, старшынём якой ён быў абраны. Сябра Ваўкавыскага БНК. З 1 мая 1919 па 23 (28) мая 1920 года служыў у летувіскім войску, дзе атрымаў званьне лейтэнанта, у тым ліку – у беларускім конным эскадроне ў горадзе Алітас. У траўні 1920 года па заданьню прадстаўніцтва БНР у Коўне Т. Данілюк нелегальна перабіраецца ў Менск. Быў залічаны рэзэрвовым афіцэрам БВК. У час летняга наступу акупацыйнага Чырвонага войску заставаўся на Слонімшчыне, але быў арыштаваны бальшавікамі. Увосень 1920 года знаходзіўся ў складзе БВК у Лодзі. Удзельнік Слуцкага паўстаньня ў лістападзе 1920 года.
Пасьля ліквідацыі БВК вярнуўся да сваёй сям’і ў в. Вярэйкі, дзе заняў пасаду псаломышчыка ў мясцовай царкве. У 1922 – 1939 гадах служыў настаяцелям прыходаў на Слонімшчыне і Наваградчыне. У 1936 годзе быў арыштаваны польскімі ўладамі на 6 месяцаў. У 1939 годзе арыштоўваўся ворганамі НКУС. У жніўні – верасні 1942 года ад Наваградскай епархіі ўдзельнічаў у саборы беларускага духавенства ў Менску, на якім была абвешчаная Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква. Летам 1944 года выехаў у Нямеччыну. Лейтэнант Беларускай краёвай абароны. Працаваў на фабрыке, чыгунке й інш. Адзін з ініцыятараў аднаўленьня БАПЦ на эміграцыі, удзельнік царкоўнага сабору ў Канстанцы ў 1948 годзе. З 1950 года ў ЗША. Стваральнік і настаяцель парафіі БАПЦ сьв.Кірылы Тураўскага ў Брукліне (Нью-Йорк). Сябра епархіяльнай управы БАПЦ у ЗША і Канадзе, кіраўнік царкоўна-судовага аддзелу епархіі. У сваёй нацыянальна-рэлігійнай і сьвятарскай дзейнасьці пасьлядоўна адстойваў ідэю аўтакефальнасці Беларускай праваслаўнай царквы. Памёр 29.07.1960 у Нью-Ёрку. Пахаваны на беларускіх могілках у Нью-Брансьвіку каля Нью-Йорку. Аўтар успамінаў «Мае ўспаміны аб службе ў беларускіх вайсковых фармацыях і ўдзеле ў беларускім збройным змаганьні. 1917 – 1921».
Малады фронт
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.
|