Расэла Цімашэнку пахаваюць 18 ліпеня.
14 ліпеня ў нью-ёрскім шпіталі “Kings County” памёр ураджэнец Бабруйску, 23-гадовы паліцыянт Расэл Цімашэнка. 9-га ліпеня, у часе выкананьня патрульнай службы ў адным з раёнаў Брукліну ён спрабаваў спыніць машыну са злачынцамі, аднак быў расстраляны бандытамі ў твар. Пяць дзён пасьля раненьня паліцыянт знаходзіўся ў коме. У суботу ў 23.15 паводле менскага часу лекарскі кансыліюм зафіксаваў сьмерць мозгу пацыента і прыняў рашэньне аб адключэньні яго ад апарату штучнага дыханьня.Тацяна і Ленід Цімашэнкі, бацькі загінулага, паведамілі, што пахаваньне іхнага сына адбудзецца ў чацьвер на могілках у Брукліне. Пра свой удзел у пахаваньні заявіў мэр Нью-Ёрку Майкл Блумбэрг. Ён выказаў сваё спачуваньне сям’і паліцыянта і назваў загіблага героем.
Ураджэнец Бабруйску Расэл (Руслан) Цімашэнка разам з бацькамі, бабуляй і дзедам пераехаў у Нью-Ёрк на пачатку 1990-х. Паводле этнічнага паходжаньня ён быў напалову беларусам, напалову габрэем. Расэл быў выхаваны ў павазе да ўсіх рэлігіяў. У Нью-Ёрку бацькі Цімашэнкі наведвалі адну з бруклінскіх сынагогаў. Што да Расэла, то ён быў хадзіў у мясцовую праваслаўную царкву. У ёй і адбудзецца адпяваньне паліцыянта.
Сьвятар царквы Джордж Калар кажа, што служба пройдзе на стараславянскай і ангельскай мовах.
“Будзем маліцца, каб цяжкі час выпрабаваньняў надаў сілу сям’і Расэла. Гэтым людзям вельмі нялёгка, і тым важнейшая для іх нашая падтрымка”.
Памінальныя службы па Расэлу Цімашэнку пройдуць і ў іншых цэрквах. У той час, калі 23-гадовы паліцыянт знаходзіўся ў коме, за яго разам з мэрам Нью-Ёрку Майклам Блумбэргам маліліся прадстаўнікі самых розных канфэсіяў.
Парафіянка Грузінскай праваслаўнай царквы Элена Апхадзэ, якая 10 год таму пераехала ў Бруклін з Тбілісі, кажа, што дзякуючы такім мужным і прафэсійным паліцыянтам як Расэл, жыцьцё ў нью-ёрскім мэгаполісе з кожным днём становіцца ўсё больш бясьпечным.
"Жыцьцё ў вялікім Нью-Ёрку куды больш бясьпечнае, чым у маленькай Грузіі. Каб вы ведалі, як за апошні час дзякуючы паліцыі зьмяніўся наш Нью-Ёрк. Паліцыянты карыстаюцца сярод жыхароў гораду сапраўдным даверам і павагай”.
Сваю ўдзячнасьць Цімашэнку і ягоным калегам выказаў вядомы палітык-рэспубліканец, кангрэсмэн Віта Фасэла.
“Дзякуй за тое, што вы робіце. Мы ведаем, што ў самым цяжкім выпадку можам разьлічваць на абарону людзей у блакітнай паліцэйскай форме”.
Пра свой удзел у пахаваньні ўраджэнца зь Беларусі Расэла Цімашэнкі заявіў сёньня мэр Нью-Ёрку Майкл Блумбэрг:
“Гэта будзе ўжо ў дзявяты раз, як я ў якасьці мэра ўдзельнічаю ў пахаваньні паліцыянтаў, застрэленых у Нью-Ёрку. Я ня ведаю ніякага спосабу, як патлумачыць бацькам Расэла Цімашэнкі, чаму быў забіты менавіта іхны сынок. На жаль, мы страцілі аднаго з самых мужных і цудоўных вартаўнікоў нашага спакою”.
Алена Струвэ, Менск.
Радыё Свабода
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.
|