Уручаная першая прэмія В. Ластоўскага за беларускамоўнае выкладанне ў ВНУ.
16 чэрвеня лепшыя беларускамоўныя выкладчыкі ВНУ былі ўганараваны прэміяй імя акадэміка Вацлава Ластоўскага. Заснавалі прэмію напачатку года Таварыства беларускай школы, Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Саюз беларускіх пісьменнікаў, ПЭН-цэнтр, іншыя грамадскія структуры. У складзе журы былі такія вядомыя асобы, як дырэктар Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Йорку Вітаўт Кіпель; доктар Янка Запруднік; Ала Орса-Рамана; прафесар Гарвардскага ўніверсітэту Курт Вулгайзер ды іншыя.
Сябры арганізацыйна-прэміяльнага камітэту наведвалі лекцыі, практычныя заняткі выкладчыкаў-намінантаў. Старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка распавёў, што пры вызначэнні пераможцаў карысталіся галоўным крытэрам, каб гэта былі не гуманітарныя дысцыпліны, а тыя, што традыцыйна не выкладаюцца па-беларуску.
“Прафесіяналізм выкладчыка, творчасць, наватарства, прымяненне сучасных тэхналогіяў,–расказвае Алесь Лозка.–Улічваўся аўтарытэт сярод студэнтаў і сярод выкладчыкаў-калегаў. А таксама метадычная забяспечанасць дысцыпліны: выкладчык, магчыма, ужо падрыхтаваў слоўнік тэрміналагічны, дапаможнікі, падручнікі. Ну і актыўная грамадская пазіцыя”.
Кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алесь Марачкін адзначыў важнасць такой працы з выкладчыкамі ВНУ: “Я, безумоўна, станоўча стаўлюся да такіх ініцыятываў. Трэба падтрымліваць беларускамоўнае выкладанне. Гэтага, на жаль, недастаткова, каб вырашыць усе праблемы. Але мы жывём надзеяй, што мы будзем жыць і беларуская мова будзе жыць”.
У апошні этап конкурсу выйшла 14 выкладчыкаў. Аўтарытэтнай камісіі было няпроста вызначыцца. Першымі лаўрэатамі прэміі імя Ластоўскага сталі дацэнт кафедры вышэйшай матэматыкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту Тамара Сухая, доктар медычных навук, прафесар кафедры марфалогіі чалавека Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту Аляксандр Арцішэўскі, галоўны кліматолаг краіны, дацэнт кафедры агульнага землязнаўства геаграфічнага факультэту БДУ Павал Каўрыга.
Прафесар Аляксандр Арцішэўскі выдаў першы ў гісторыі беларускі падручнік па гісталогіі і эмбрыялогіі, апублікаваў больш за 200 навуковых прац, падрыхтаваў арыгінальныя альбомы для студэнтаў-медыкаў па гісталогіі, эмбрыялогіі, цыталогіі. Прафесар Арцішэўскі перакананы: “Калі больш за 80 тысяч чалавек здаюць тэсты на беларускай мове, гэта азначае, што людзі гатовы вучыцца на гэтай мове. У нас ёсць выкладчыкі, якія гатовы выкладаць па-беларуску. У нас не хапае аднаго–рашэння зверху, каб гэта дазволіць. Стварыць групу малавата. Трэба стварыць плыні, і тады ўсё пойдзе сваім шляхам”.
У конкурсе ўдзельнічала шмат маладых выкладчыкаў, прычым, не толькі са сталіцы–з Гродна, Баранавічаў, Гомеля, Магілёва, якія выкладаюць геаграфію, хімію, фізіку, біялогію, філасофію. Усе яны атрымалі ганаровыя дыпломы. Малады кандыдат эканамічных навук Максім Беліцкі выкладае эканоміку па-беларуску на міжнародным факультэце БДУ: “Дзякуй вам за такі цікавы конкурс. Павінен вам сказаць, што ў мяне 90% студэнтаў размаўляюць па-беларуску, і ніякіх складанасцяў няма. Не трэба баяцца, мы павінны выкладаць, быць бліжэй да студэнцтва. Мне здаецца, што яны толькі і чакаюць, калі мы пяройдзем на беларускую мову”.
Ганаровыя дыпломы, а таксама рарытэтныя кнігі, дыскі пераможцам уручаў народны паэт Беларусі прафесар Ніл Гілевіч: “Не будзем падаць духам, упадаць у песімізм. Так не бывае, каб 10-мільённы народ раптам з чыйсьці сатанінскай сілы пазбавіўся свайго нацыянальнага аблічча, перш за ўсё сваёй мовы. Усё залежыць ад нас. Віншую сардэчна ўсіх узнагароджаных, цудаў не бывае. Будзем працаваць”.
Паводле Радыё “Свабода” і згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына".
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
|