ЗГУРТАВАНЬНЕ БЕЛАРУСКАЕ МОЛАДЗІ Ў АМЭРЫЦЫ (ЗБМА)

МАЛАДЗЁВАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ БЕЛАРУСКА-АМЭРЫКАНСКАГА ЗАДЗІНОЧАНЬНЯ

  • Галоўная
  • Пра нас
  • Пра БАЗа
  • Відэа
  • Фотаздымкі
  • Форум
  • Гасьцёўня
  • Спасылкі
  • Кантакт
  • Нашы банэры
  • Рассылка




  • Да 90-х угодкаў БНР.

    Наступны 2008-ы год зьяўляецца юбілейным для Беларусі. 25-га сакавіка 1918-га году прадстаўнікі беларускага народу абвесьцілі незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Такім чынам яны аднавілі нашую дзяржаўную незалежнасьць пасьля больш стагодзьдзя няволі ў царскай Расеі. Гэтая слаўная дата адзначалася па цэлым сьвеце штогоду, урачыста, дзе можна было, або скрыта ў акупацыйных умовах.

    Апошнімі гадамі гэты дзень усё масавей адзначаецца патрыётамі ў Беларусі, называючы яго Днём Волі, і можна сьмела спадзявацца, што юбілейнае сьвяткаваньне будзе гучнейшым і больш урачыстым. Па-за межамі Беларусі гэты дзень будзе адзначацца ня менш урачыста ў нашых асяродках у Эўропе і за акіянамі, сярод студэнтаў, якія выехалі працягваць вучобу, і сярод тых, хто выехалі зарабіць.

    Рада БНР ужо цяпер пачынае адпаведную падрыхтоўку. На пашыраным паседжаньні Прэзыдыюму Рады ў красавіку абмяркоўваліся пляны выдавецкага характару, як і спосабы адзначэньня самога дня.

    Пастаноўлена яшчэ да канца бягучага году выдаць ангельскамоўны інфармацыйны раскладыш, беларускамоўную брашуру для выкарыстаньня ў Беларусі і ў асяродках замяжой. Ёсьць намер пачаць працу над падрыхтоўкаю альбому, у якім будуць адлюстраваныя сусьветныя сьвяткаваньні мінулых гадоў. Плянуецца выдаць CD ці DVD з папулярным музычным і патрыятычным зьместам і налепкі, якія адзначаюць 90 гадоў БНР. Штомесяца ў гэтай газеце плянуецца зьмяшчаць артыкулы і лісты чытачоў на тэму юбілею.

    Само адзначэньне Дня абвешчаньня незалежнасьці БНР павінна адбыцца гучней за папярэднія гады з артыкуламі пра Беларусь у мясцовай прэсе, выступамі на радыё, тэлебачаньні. Запрашэньне высокапастаўленых прамоўцаў і іхныя афіцыйныя прамовы ў парлямэнце павінны быць мэтай арганізатараў ў наступным годзе. Студэнцкая моладзь замяжой павінна знаёміць сваіх калегаў з гісторыяй і цяперашняй сытуацыяй у Беларусі. Была прапанова, каб гучаньне Звону Свабоды было чутно па ўсім сьвеце, дзе толькі беларусы зьбяруцца.

    Напярэдадні 25 сакавіка 2008-га году будзе праведзеная канфэрэнцыя пад лёзунгам ''90 гадоў БНР'' у Празе з удзелам як беларускіх прадстаўнікоў, так і прадстаўнікоў дэмакратычнага сьвету.

    В. Станкевіч.

    Газэта "Беларус"