ЗГУРТАВАНЬНЕ БЕЛАРУСКАЕ МОЛАДЗІ Ў АМЭРЫЦЫ (ЗБМА)

МАЛАДЗЁВАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ БЕЛАРУСКА-АМЭРЫКАНСКАГА ЗАДЗІНОЧАНЬНЯ

  • Галоўная
  • Пра нас
  • Пра БАЗа
  • Відэа
  • Фотаздымкі
  • Форум
  • Гасьцёўня
  • Спасылкі
  • Кантакт
  • Нашы банэры
  • Рассылка




  • Сьветлай памяці ўладыкі Мікалая.

    5 гадоў таму (20 чэрвеня 2002 г.) памёр архіяпіскап, гіерарх Беларускай Аўтакефальнай праваслаўнай царквы, рэлігійны й грамадзкі беларускі дзеяч, удзельнік беларускага хрысьціянскага руху 20 ст, уладыка Мікалай.

    Нарадзіўся ўладыка Мікалай (у сьвецкім жыцьці–Міхаіл Мацукевіч) 21.05.1917 на хутары Суяцін Яршоўскага павета Самарскае губ. Паходзіць з праваслаўнай сям'і беларусаў-уцекачоў. У 1921 г., пасля сьмерці маці і сястры, вярнуўся разам з бацькам і двума братамі ў Беларусь. Скончыў пачатковую школу (1932). Пазней вучыўся ў Тараканаўскай сельскагаспадарчай школе. Служыў у польскім войску ў Берасьці, дзе сустрэў Другую сусьветную вайну. Быў паранены. У лістападзе 1939 г. вярнуўся дадому. Вучыўся на настаўніцкіх курсах у Берасьці. Пазней пераехаў у Пінск. Пасля акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі «працаваў на ўласнай гаспадарцы». У красавіку 1944 г. быў арыштаваны нямецкімі ўладамі і вывезены ў Нямеччыну. Да лютага 1945 г. знаходзіўся на працах паміж гарадамі Кобленц і Бон. Вызвалены амэрыканскімі войскамі. З 17.03.1945 жыў у Вялікабрытаніі. Падтрымліваў сувязі з беларускімі перасяленцамі ў Нямеччыне.

    У 1946 г. ў час наведваньня сваякоў у беларускім лягеры ў г. Ватэнштэт пазнаёміўся з беларускім грамадзкім дзеячам М.Шылам. Удзельнік 1-га зьезда Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі (1947). Пасля 1949 г. жыў у Лёндане, дзе на працягу двух гадоў працаваў адміністратарам Беларускага дома. У жніўні 1951 г. пераехаў у Канаду. Вучыўся на багаслоўскім факультэце Калегіі сьв. Андрэя ў г. Вініпег. Са жніўня 1954 г. жыў у Таронта, дзе арганізаваў прыход сьв. Кірылы Тураўскага. Першую сьвятую літургію адслужыў 04.10.1954. Апрача Таронта сьвятарскія абавязкі выконваў у гарадах Садберы, Атава, Манрэаль і іньш. Зь сярэдзіны 1960-х гадоў штомесяц прыязджаў на набажэнства да беларускіх вернікаў у г. Дэтройт (ЗША). Адзін з арганізатараў беларускага праваслаўнага прыхода Сьвятога Духа ў г. Дэтройт. У кафедральным саборы св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку 02.10.1966 пастрыгся ў манахі й прыняў імя Мікалай. На наступны дзень узведзены архіепіскапам БАПЦ Сяргеем у сан ігумена і архімандрыта. Рукапаложаны ў сан епіскапа Турава-Пінскага і Таронцкага 10.03.1968 у Аўстраліі. У траўні 1983 г. на надзвычайным саборы БАПЦ у Кліўлендзе абраны першым гіерархам БАПЦ. На 3-м саборы БАПЦ у царкве Жыровіцкай Божай Маці ў Гайленд-Парку (Нью-Ёрк) абраны паўторна першым гіерархам БАПЦ. Актыўна займаўся выданьнем царкоўна-рэлігійных кніг на беларускае мове. У лютым-сакавіку 1992 г. наведаў Беларусь. Узначальваў Фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. Памёр 20.06.2002 у Таронта.

    У 20-ым стагодзьдзі імя ўладыкі Мікалая стала па-сапраўднаму адным з сымбалеў беларускага праваслаўя. Ён сабраў даволі вялікі архіў хрысьціянскае літаратуры, займаўся выданьнем і перакладамі матэрыялаў на беларускую мову, зьбіраў дакуманты з гісторыі Беларускае Аўтакефальнае праваслаўнае царквы. Усё сваё жыцьцё ён прысьвяціў служэньню свайму народу, ахвяруючы ўсім дзеля Адраджэньня Беларусі, дзеля аднаўленьня сапраўднага беларускага праваслаўя. Уладыку Мікалая адкрыта ненавідзелі прадстаўнікі так званай расейскай праваслаўнай царквы, якія з самага пачатку свайго панаваньня на Беларусі служылі акупантам і імпэрскім інтарэсам Расеі. Уладыка Мікалай быў чалавекам працавітым і ўраўнаважаным, сьцiплым i адданым, спакойным і добрым, ветлівым і шчырым. Ён быў чалавекам вялікае веры ў дабрыню людзей. Усё сваё жыцьцё ён служыў Богу, людзям і сьвятой Беларусі.



    25-га чэрвеня на беларускіх могілках у Гайленд Парку, Нью Джэрзі, пахавалі Мітрапаліта Мікалая.

    Малады фронт