ЗГУРТАВАНЬНЕ БЕЛАРУСКАЕ МОЛАДЗІ Ў АМЭРЫЦЫ (ЗБМА)

МАЛАДЗЁВАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ БЕЛАРУСКА-АМЭРЫКАНСКАГА ЗАДЗІНОЧАНЬНЯ

  • Галоўная
  • Пра нас
  • Пра БАЗа
  • Відэа
  • Фотаздымкі
  • Форум
  • Гасьцёўня
  • Спасылкі
  • Кантакт
  • Нашы банэры
  • Рассылка




  • Беларусы ЗША: "Жывём зьменамі".

    Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне абрала новага старшыню Вячку Станкевіча. Упершыню ў галасаваньні брала удзел моладзевая арганізацыя. Што зьменіцца ў грамадзкім жыцьці амэрыканскіх беларусаў? Ці сучаснай беларускай моладзі, якая ўсё больш часу аддае віртуальнай актыўнасьці, цікавая праца грамадзкай арганізацыі старой дыяспары?

    Малады гісторык зь Беларусі Мікалай Цімашэнка вучыцца і працуе ў ЗША. У Нью-Ёрку ён жыве два з паловай гады – амаль столькі ж гадоў мае і моладзевая арганізацыя, лідэрам якой ён зьяўляецца і якая 26 траўня брала удзел у кангрэсе Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня (БАЗА), найстарэйшай беларускай арганізацыі за мяжой, створанай у сярэдзіне мінулага стагодзьдзя.

    Цімашэнка: “Для мяне й маіх сяброў гэта было вельмі цікава. У кангрэсе брала ўдзел моладзь з нашай арганізацыі. Моладзі было каля 20% ад агульнай колькасьці дэлегатаў. Мы будзем пераймаць справу старэйшых – гэтая справа не павінна памерці, мы будзем несьці гэты сьцяг і перадамо яго новым эмігрантам, калі яны будуць прыяжджаць”.

    Змаганьне было дэмакратычным

    Арганізацыя, якую ачольвае Мікалай Цімашэнка – Згуртаваньне беларускай моладзі Амэрыкі – гэта моладзевая філія Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня. А задзіночаньне на кангрэсе абірала новага старшыню. Было дзьве кандыдатуры вядомых дзеячоў беларускай эміграцыі – Вячкі Станкевіча і шматгадовага старшыні Галоўнай управы Антона Шукелойця. Узрост – яму на пачатку ліпеня будзе 92 гады – зусім ня перашкода яго актыўнай дзейнасьці, кажа моладзевы лідэр Мікалай:

    “Спадар Антон – цікавы чалавек, спадар Вячка – цікавы чалавек, абодва людзі вартыя і шанаваныя. Было прыемна і папросту цікава назіраць, змаганьне было сапраўды дэмакратычным, адкрытым, усё прайшло як мае быць паводле прынцыпаў дэмакратыі”.

    Мікалай таксама распавёў, што на просьбу моладзі абодва кандыдаты падрыхтавалі і апублікавалі свае праграмы дзейнасьці. Новы старшыня быў абраны ў часе закрытага галасаваньня зь перавагай два галасы.

    “Я магу жыць лепей”

    Кіраўніком Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня – старшынём галоўнай управы – быў абраны Вячка Станкевіч, вядомы дзеяч беларускай эміграцыі, які паходзіць зь Вільні, сын аднаго з найбуйнейшых беларускіх мовазнаўцаў ХХ стагодзьдзя Янкі Станкевіча.

    Вячка Станкевіч каля 10 гадоў ачольваў Беларускую рэдакцыю Радыё Свабода, а пасьля ініцыяваў і праводзіў разам з ТБМ цыкл сэмінараў для Беларусі “Я магу жыць лепей”, якія многім дапамаглі адчуць сэнс і значнасьць свабоды.

    Ці азначае абраньне новага старшыні ўправы зьмены ў Беларуска-амэрыканскім задзіночаньні?

    Вячка Станкевіч дзеліцца сваім меркаваньнем:

    “Жывём зьменамі. Тыя ўстановы, якія не зьмяняюцца, паміраюць. Бо трэба ісьці з духам часу. "Цяпер хваля эміграцыі крыху падобна да пачатку 1950-х"Асноўныя прынцыпы дзейнасьці павінны застацца такімі, якія ёсьць і цяпер, але спосаб працы і, зразумела, людзі, якія будуць працаваць – у гэтым павінны быць зьмены. У гэтым дачыненьні зьмены будуць, бо прыходзяць новыя людзі, новыя пакаленьні. Але асноўная мэта – служыць Беларусі, хоць бы і за мяжой, – застаецца нязьменнай”.

    “Цяпер хваля эміграцыі крыху падобна да пачатку 1950-х”

    Цягам апошніх гадоў значна павялічылася колькасьць беларусаў, якія прыяжджаюць у Амэрыку вучыцца альбо працаваць. Дакладнага ўліку ўсіх гэтых людзей не існуе і ў самой Беларусі. Вячка Станкевіч мяркуе, што лік ідзе ўжо на тысячы. Ці гэта пераважна моладзь?

    “Так, вядома, але й ня толькі. Бо шмат людзей прыяжджае з гэтак званымі “зялёнымі картамі”, і гэта цэлыя сем'і. Цяпер сытуацыя пачынае быць крышку падобнай да часоў 1949 – пачатку 1950-х гадоў, калі БАЗА пачыналася. Бо ёсьць цэлы спэктар сямейны, ня толькі студэнты альбо маладыя людзі шукаюць шчасьця ў сьвеце. Але ёсьць і розьніца. Бо ў паваенным часе прыяжджала цэлая хваля з былых лягераў для перамешчаных асобаў. Цяпер – асобнымі сем'ямі, паасобку. І шмат хто – дзеля эканамічных прычынаў і расплываецца тут у эміграцыйным моры былога СССР. Не такі вялікі працэнт зь іх далучаецца да нашых арганізацыяў”, - кажа Вячка Станкевіч.

    БАЗА будзе пашырацца

    Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне, найстарэйшая беларуская грамадзкая арганізацыя замежжа, заснаваная ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя – стаіць цяпер напярэдадні новых зьменаў. Як распавёў Вячка Станкевіч, новымі будуць мэтады працы, бо прыяжджаюць новыя людзі.

    Вячка Станкевіч адзначае, што будзе працягвацца праца па лабіяваньню беларускіх праблемаў у Кангрэсе ЗША, ну а новая праца і новыя крокі – гэта ня справа яго аднаго, але ўсіх разам. На ягоную думку, варта зьмяніць і той звычайны для замежжа стан рэчаў, калі “працу сотняў чалавек выконваюць дзясяткі”: Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне будзе пашырацца.

    В. Станкевіч дзеліцца плянамі дзейнасьці:

    “Гляджу на наступны этап маёй працы ва ўправе БАЗА як на магчымасьць працаваць з працаздольнай камандай.

    У ліку асноўных задачаў – па-першае, дапамагчы заснаваць новыя аддзелы арганізацыі па ўсёй Амэрыцы. Цяпер нейкая дзейнасьць адбываецца пераважна ў Нью-Ёрку, Кліўлэндзе, Нью-Джэрзі – дарэчы, менавіта там, дзе існавалі цэрквы.

    Па-другое – дапамагчы стварыць выканальную культурна-асьветную праграму.

    І трэцяе – паколькі тысячы людзей прыяжджаюць гадамі ў Амэрыку, і ў тыя месцы, дзе беларускай дыяспары раней зусім ня было, трэба стварыць умовы, каб мы ведалі, што яны прыяжджаюць.

    Тут магчымая і дапамога такой арганізацыі, як Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. А нам трэба дапамагчы новым тут беларусам асвоіць гэтую чужую для іх краіну. Такім чынам больш іх застанецца пры беларускіх установах і ў свой час, калі ў Беларусі гэта будзе магчыма, дапамагчы Беларусі ізноў стаць свабодна на ногі”.

    Дапамога

    Людзі зь Беларусі, тыя хто плянуе прыехаць у Амэрыку альбо прыехаў нядаўна, часьцяком зьвяртаюцца па парады і дапамогу паводле асабістых кантактаў. Да прыкладу, шмат пішуць Віталю Зайку, Вітаўту Кіпелю. Цяпер Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне будзе арганізавана дапамагаць такім беларусам, кажа Вячка Станкевіч:

    “Пажадана – але гэта возьме крыху часу – зрабіць гэта больш арганізавана для тых, хто хацеў бы далучыцца і каму патрэбная дапамога. Асабліва калі гэта сем'і, бо тады ёсьць магчымасьць дапамагаць у розных частках жыцьця, розным пакаленьням – і старэйшым, і дзецям. Так, гэта адзін з самых важных пунктаў нашай будучай дзейнасьці. Сфармаваць гэтае прыняцьцё для тых беларусаў, якія прыехалі нядаўна”.

    Моладзевая філія БАЗА, якая мае свой асобны статут, ня ставіць на мэце быць масавай арганізацыяй – альбо, магчыма, цяпер і тут плянуюцца зьмены?

    Адказвае Мікола Цімашэнка:

    “Мы зацікаўленыя ў якасных кадрах. У нас няма мэты быць масавай арганізацыяй. Але мы дапамагаем тым людзям, якія да нас зьвяртаюцца з канкрэтнымі праблемамі. Мы дапамагаем атрымаць пазыку, паступаць ва ўнівэрсытэты. Тыя, хто толькі прыехаў, мала ведаюць пра ЗША, яны жывуць у палоне ілюзіяў у першыя часы.

    Мы кансультуем у эміграцыйных пытаньнях, у нас на форуме адкрыты эміграцыйны разьдзел. Можна зьвяртацца з пытаньнямі, мы кансультуем бясплатна. Мы дапамагаем і такім чынам мацуем нашую грамаду”.

    “Усё будзе бачна пад час працы”

    Тая моладзь, для якой цікавыя традыцыйныя формы грамадзкай працы і якая брала ўдзел у кангрэсе БАЗА, далучылася да каманды новага лідэра. Гражына Залеўская кажа, што ёй падабаецца такая праца:

    “На кангрэсе на кожным з нас была вялізарная адказнасьць. Гэта быў вельмі складаны выбар. З аднаго боку – вельмі мной паважаны Антон Шукелойць, сапраўды чалавек-гісторыя. З другога – Вячка Станкевіч – энэргічны, эмацыйны, поўны ідэяў.

    Галоўнае заставацца маладым у душы, і няважна, колькі чалавеку гадоў. І зьмены – гэта заўсёды добра, калі мы будзем ісьці наперад. Я зычу Вячку Станкевічу ісьці наперад, дай яму Бог здароўя, плёну на карысьць нашай беларускай справы ў Амэрыцы і нашай Бацькаўшчыны.

    Я вельмі задаволеная, што Вячка Станкевіч прыняў такое рашэньне – ўзяць у сваю каманду моладзь, таму што моладзь – гэта заўсёды новыя ідэі. А ўсё будзе бачна падчас працы, таму – хай дапаможа нам Бог!”

    Мікалай Цімашэнка:

    “Што да спадара Вячкі, ён вельмі працавіты і энэргічны чалавек, я зычу яму плёну. Я спадзяюся, што арганізацыя зь ім разам набудзе новае аблічча.

    Перад абраньнем моладзь прасіла абодвух кандыдатаў апублікаваць праграмы, каб пасьля абраньня мы маглі пабачыць пазьней, што было зроблена з плянаванага і абяцанага і што – не, і чаму. Я думаю, што большасьць задуманага Вячкам Станкевічам зьдзейсьніцца, бо ён энэргічны чалавек і яго пляны сапраўды амбіцыйныя”.

    Тацяна Поклад pokladt@yahoo.co.uk

    www.svaboda.org