ЗГУРТАВАНЬНЕ БЕЛАРУСКАЕ МОЛАДЗІ Ў АМЭРЫЦЫ (ЗБМА)

МАЛАДЗЁВАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ БЕЛАРУСКА-АМЭРЫКАНСКАГА ЗАДЗІНОЧАНЬНЯ

  • Галоўная
  • Пра нас
  • Пра БАЗа
  • Відэа
  • Фотаздымкі
  • Форум
  • Гасьцёўня
  • Спасылкі
  • Кантакт
  • Нашы банэры
  • Рассылка




  • Вітаўту Кіпелю–80!

    30 траўня спаўняецца 80 гадоў паважанаму спадару Вітаўту Кіпелю, вядомаму дзеячу беларускай дыяспары ў ЗША, навукоўцу, няспыннаму рупліўцу на ніве беларушчыны.

    Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” віншуе спадара Вітаўта Кіпеля з юбілеем. Жадаем доўгіх гадоў жыцця, добрага здароўя і плённай далейшай працы на карысць нашай агульнай Бацькаўшчыны.

    Вітаўт Кіпель — адданы патрыёт сваёй Радзімы. Яго ведаюць і ў Беларусі, і ў дыяспары як прыхільніка дэмакратыі, незалежнасці Беларусі, адраджэння і росквіту беларускай мовы, літаратуры і культуры.

    Сп. Кіпель ад дзяцінства выхоўваўся ў атмасферы панавання беларушчыны, бо ён сын вядомага беларускага грамадска-палітычнага дзеяча Яўхіма Яўсеевіча Кіпеля. Прага да ведаў сп. Вітаўта прывяла яго ў Беларускую гімназію імя Янкі Купалы ў Германіі, Каталіцкі ўніверсітэт у Лювене, а потым і Ратарскі ўніверсітэт у Нью-Брансвіку. Так ён атрымаў навуковую ступень доктара геалагічных навук і працаваў па сваёй спецыяльнасці.

    Некалькі дзесяцігоддзяў заняла ў яго плённая праца ў Нью-Йоркскай публічнай бібліятэцы. Там сп. Вітаўт займаўся складаннем і апрацоўкай бібліяграфіі.

    Сп. Вітаўт Кіпель – вядомы навуковец. У свой час ён ўзначальваў этнічную дарадчую раду пры губернатары штата Нью-Джэрсі, рэдагаваў штомесячны бюлетэнь “Новыя тэхнічныя кнігі”, быў сябрам амерыканскіх навуковых таварыстваў славяназнаўцаў, бібліятэкараў, быў віцэ-старшынём Нацыянальнай канферэнцыі амерыканскіх этнічных груп.

    Вітаўт Кіпель добра вядомы і як грамадскі дзеяч. З маладых гадоў ён быў скаўтмайстрам у амерыканскім скаўтынгу, кіраваў беларускай скаўцкай арганізацыяй, заснаванай у 1972 г. у Саўт-Рыверы пры царкве св. Еўфрасінні Полацкай. Стаў адным з арганізатараў заснаванага ў Нью-Йорку Беларуска-Амерыканскага камітэта палітычных дзеянняў, узначаліў Федэрацыю беларускіх клубаў, чытаў лекцыі ў Нью-Йоркскім універсітэце (курс “Беларуская спадчына”), арганізоўваў беларускія фестывалі ў штаце Нью-Джэрсі.

    З 1982 г. Вітаўт Кіпель узначальвае Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Йорку – навуковы асяродак беларускай дыяспары ў ЗША, які займае пачэснае месца сярод беларускіх навуковых цэнтраў у свеце.

    З пачатку 90-х гг. актыўна ўключыўся ў адраджэнскі рух і на Бацькаўшчыне: адзін з заснавальнікаў і сябра Вялікай рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, сябра рады Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, пастаянны ўдзельнік розных мерапрыемстваў гэтых арганізацый, якія праводзяцца ў Мінску.

    Як дырэктар БІНіМа В. Кіпель з’яўляецца адным з выдаўцоў часопіса “Запісы”, стала супрацоўнічае з газетай “Беларус”, займаецца збіраннем і выданнем літаратурнай спадчыны беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў.

    Сп. Вітаўт Кіпель — аўтар шматлікіх праблемных публіцыстычных і навуковых артыкулаў, рэцэнзій, рэфератаў, дакладаў, выступленняў. Дастаткова прыгадаць яго грунтоўнае і першае ў свеце даследаванне пра беларускую эміграцыю “Беларусы ў ЗША” (на англійскай і беларускай мовах, 1993), каб імя В. Кіпеля назаўсёды засталося ў беларускай гістарыяграфіі. А яшчэ ж ёсць працы “Беларусы ў Нью-Джэрсі”, “Беларусы ў Кліўлендзе”, “Беларусы ў Нью-Йорку”.

    Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”