“І што-ж такое, па-твойму, жыцьцё?”
Ня памятаю зь якой нагоды прагучала гэтае пытаньне, і пра што была чарговая спрэчка паміж мной і бацькам, але кавалачак той размовы запомніўся назаўсёды.
Якраз напярэдадні я, вучань апошняе клясы Наваполацкай сярэдняй школы № 4, паглядзеў толькі што выпушчаны на экраны фільм “Зямля Саньнікава”, у якім адзін з герояў – афіцэр-авантурнік Яўгені Крастоўскі (актор Алег Даль) голасам актора Алега Анофрыева прасьпяваў адказ на гэтае “што-ж такое па-твойму”.
Пэўны, што бацька фільму ня бачыў, я зь лёгкасьцю працытаваў песьню й адразу-ж дастаў адказ: “Жыцьцё, паводле Энгельса, каб ты ведаў, гэта спасаб існаваньня бялковых целаў”.
Спрачацца з самім Энгельсам не выпадала. Дый з бацькам таксама. Выглядала, што фільм ён усё-ж паглядзеў і застаўся ім вельмі незадаволены. Іначай, як стары кніжнік мог-бы зблытаць навуковае вызначэньне з паэтычным, як мог не заўважыць усёй прыгажосьці, ёмістасьці й праўдзівасьці фармулёўкі, што жыцьцё – гэта “толькі міг між мінулым і будучым”.
Пазьней я даведаўся, што ідучы ў кінатэатар, бацька разьлічваў убачыць экранізацыю прачытанага ім яшчэ ў 30-х гадох раману Владзімера Обручава, а ўбачыў аднайменны, але зусім іншы твор.
Між тым, цытаваная мною песьня адразу-ж сталася надзвычай папулярнай. Яе сьпявалі паўсюль і выглядала, што ейная лёгіка нашчэнт пабівала лёгіку аднаго з заснавальнікаў навукі пра сьветлае заўтра. Сьпяваў гэтую песьню й я, пагатоў што акурат у тыя часы мае рукі ўпершыню блізка пазнаёміліся з гітарай... А потым прыйшлі часы сьведамага адкрыцьця свайго нацыянальнага Я, зьявіліся іншыя тэмы, іншыя пытаньні, напісаліся першыя песьні. Хіба толькі зрэдку згадваўся мне той “ёсьць толькі міг”, але калі ўжо згадваўся, дык заўсёды цягнуў за сабой жаданьне прасьпяваць гэты “міг” па-Беларуску.
Звычайна, перакладамі я займаюся ў часе якіх заўгодна паездак. Еду, прыкладам, у краму й пракручваю ў думках тое, што спала на памяць у гэты момант, мяркую, як яго можна было-б сказаць па-нашаму, не папсуўшы, але й не палепшыўшы арыгіналу. Спыняючыся на сьветлафорах, стараюся хуценька занатаваць знойдзенае, а часам, і нагаварыць, калі не забыўся захапіць з сабою дыктафон. Шмат што пераклалася гэткім чынам і толькі той самы “міг” упарта не здаваўся.
Найперш, незадавальняла самое слова міг, якое ў расейскай мове, відавочна, зьвязанае з словам мігаць, што адпавядае нашаму міргаць. Згодна такой лёгіцы мы мусілі-б ужываць цяжэйшае для вымаўленьня й таму пройгышнае: мірг. Ёсьць, праўда, у нас слова мігцець, але спасылка на яго аніяк не рабіла сам міг прыямнейшым. Аглушэньне апошняга гуку ў нас і захаваньне яго ў іх вымагала шукаць іншага шляху. А дзе яго знойдзеш, калі ты й так у дарозе?
Ішлі гады й бясконцае мармытаньне ўдала перакладзеных радкоў бязь “мігу” пачынала нэрваваць. Яшчэ больш раздражняла тое, што сто разоў праклятае слова я пару разоў мусіў ужываць у сваіх вершах. Але сваё – гэта-ж не пераклад. Сваё – гэта суладзьдзе й змаганьне з самім сабою, а пераклад, у пэўным сэнсе – канкурэнцыя, спаборніцтва з арыгіналам, і калі сам сабе ты можаш прайграць, то іншаму аўтару – ані! У іншага аўтара, калі няма магчымасьці данесьці арыгінал максымальна, трэба толькі выйграваць, як зрабіў гэта ў свой час паэт Зьніч.
Ня ведаю на якіх падставах (магчыма сваю ролю тут адыграла ягоная рэлігійнасьць) зачапіўся ён за досыць пасрэдны вершык расейскага клясыка Лермантава, чый продак Юшка Лярмонт, пакінуўшы родную Шкот1ыю, нейкі час служыў у войску Вялікага Княства ў якасьці паручніка шкоцкай роты. У 1613 годзе гэты самы Юшка здаў маскалям абложаны імі наш памежны замак Белы ды перайшоў на маскоўскую службу, за што атрымаў свае трыццаць срэбнікаў у выглядзе дзевяці вёсак з пустэчамі ды прызнаньнем дваранства. У 1634 годзе дагнала яго Беларуская куля пад Смаленскам, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя...
Дык вось, творык Лермантава “Малітва” заўсёды нагадваў мне дрындушкі ў стылі Віні-Пуха. Мяркуйце самі:
В минуту жизни трудную
Теснится ль в сердце грусть:
Одну молитву чудную
Твержу я наизусть.
Есть сила благодатная
В созвучье слов живых,
И дышит непонятная,
Святая прелесть в них.
С души как бремя скатится,
Сомненье далеко —
И верится, и плачется,
И так легко, легко...
Калі-б не расейскі кампазытар Глінка (праўдападобна з часткова змаскалізаванай Беларускай шляхты Смаленшчыны), які напісаў на гэтыя словы музыку, творык мог-бы застацца досыць шараговым. Зрэшты, і ў музычным суправаджэньні ён “выяжджае” пераважна дзякуючы Глінку ды выканаўцу, калі той мае голас, вядома.
А вось паэта Зьніч зрабіў з гэтага вершыка шэдэўральны твор:
Пакутай спадкаемнаю
Запальваю сьвячу:
Малітву патаемную
У прыцемках шапчу.
Ёсьць сіла ўратавальная
Ў мігценьні слоў жывых,
І сьвеціцца астральная
Сьляза сьвятая ў іх.
Маркотны дзень атуліцца,
Сумненьняў змрок міне –
І верыцца, і суміцца
І лёгка, лёгка мне.
Тут, бадай, кожнае слова дыхае таямнічасьцю, далучанасьцю аўтара да патаёмных плыняў духовасьці, і гэты дых адначасна як-бы прыцішаны для староньняга вока, насамрэч поўны, адкрыты, шчыры.
Калі я ўпершыню пачуў Зьнічову “Малітву” ў прыцемненай зале, пры запаленых сьвечках, атмасфэра адразу напоўнілася незвычайнасьцю, прадчуваньнем цуду. Унутранае хваляваньне сьпявачак раптам увайшло ў сугучнасьць з хваляваньнямі слухачоў, зьявілася пачуцьцё вялікай любові й людзкой супольнасьці, дзе кожны – асоба, а ўсе разам – Беларускі народ.
А за вокнамі была ноч. І мігцелі ў марозным небе зоркі як сьлёзы нязнанага Бога, які расчуліўся ад зямнога сьпеву. І разгублена міргалі ліхтарні на пустых вуліцах, нібыта разумеючы, што яны ўсяго толькі дасягненьні нейкага там прагрэсу стагадовае даўніны і таму – нікчэмнасьць перад напоўненай нашымі душамі вечнасьцю, якой мы надаём сэнс, дзякуючы таму самаму “мігу між мінулым і будучым”, дзякуючы жыцьцю...
Засеўшы за слоўнікі я досыць хутка высьветліў, што марна пакутваў гэтулькі часу – настолькі хутка знайшоўся шматкроць паўтораны ў розных выданьнях сынонім мігу – мах. Мах крыла, адным махам, “мах – і памерла”. Вацлаў Ластоўскі, Байкоў і Некрашэвіч, Янка Станкевіч – ня так ужо й блага для прыняцьця аднаго “новага” слова.
А далей хапіла дзьвюх паездак (па 40 кілямэтраў кожная), каб у галаве склаўся чарнавы варыянт перакладу. І вось ужо дома, за сталом, даводзяцца апошнія рыскі, знаходзяцца апошнія рымы й слушныя павароты гэтага рытуальнага танцу – перакладу.
Прывідна ўсё... Прывід... Чаму-б не паспрабаваць слова здані? Здаецца, ніхто яшчэ гэтага не рабіў. Здань – зданна... Пасуе:
Зданна ўсё. Сьвет шыбуе віруючы.
Ёсьць толькі мах, па-за ім – небыцьцё.
Ёсьць толькі мах між мінулым і будучым.
Мы гэты мах называем жыцьцё(м).
У арыгінале таксама выразная алітэрацыя на ‘м’ але там іх восем, а ў мяне – дзесяць-адзінаццаць. Пры гэтым, што праўда, у мяне выпадае з арыгіналу фрагмэнт-заклік трымацца за гэты самы мах, але... Па-першае, далейшы тэкст дае падставы меркаваць, што аўтар, паэта Леанід Дзербянёў, уставіў гэты заклік больш дзеля рымы. Па-другое, для мяне пытаньне трымацца за жыцьцё мае досыць спрэчны характар. Я думаю, што ўсё-ж трэба не трымацца, а жыць, пагатоў што:
Вечны спакой нашы душы ня радуе,
Сон пірамід – для спакою размах,
А дзеля зьнічкі, што ў бездані падае,
Ёсьць толькі мах, зыркі, вогненны мах...
Хай гэты сьвет шлях пазначыць адлецьцямі,
Хай не заўжды па дарозе мне зь ім.
Чым даражу й рызыкую на сьвеце я?
Махам адным, толькі махам адным.
Даліся ў знакі мне гэтыя адлецьці. У арыгінале гаворка йдзе пра стагодзьдзі, пра будучыню, што ніяк не станавілася ў пераклад. Адлецьці – гэта мінуўшчына. Калі сьвет пазначае свой шлях адлецьцямі – гэта тое-ж самае, што ён жыве стагодзьдзі наперад. Перакладчык, у гэтым выпадку, па-просту азіраецца, і сэнс застаецца нязьменным. Зрэшты, галоўнымі ў гэтай зваротцы мне падаюцца два апошнія радкі. Менавіта яны часам прыходзілі да мяне ў тыя гады, калі даводзілася безаглядна рызыкаваць дзеля нацыянальнае справы. У такія часы жыцьцё сапраўды ацэньваецца як мах. Яго можна захаваць, зьберагчы, як тыя самыя піраміды, але можна й ператварыць у “зьнічку, што ў бездані падае”, надаць яму зыркасьці й агністасьці ды згарэць не пакідаючы сьледу, як згарэлі мільёны безыменных Беларусаў цягам усяе нашае гісторыі, згарэлі за справу, за той падмурак, на якім вырас я й мае аднадумцы, на якім узрастаюць мае сыны й будуць расьці ўнукі. Таму, па вялікім рахунку, ня такая ужо й істотная памяць пра цябе пэрсанальна. Куды важнейшая атмасфэра, вечнасьць, што застанецца прасьля згараньня тваёй зьнічкі. І ў гэтым сэнс, у гэтым радасьць і шчасьце...
Шчасьце сустрэў. Можа стрэну бяду яшчэ
Ёсьць толькі мах, па-за ім – небыцьцё.
Ёсьць толькі мах між мінулым і будучым.
Вось гэты мах і завецца жыцьцё.
Але па-сапраўднаму слова мах я ацаніў толькі тады, калі дабраўся да музыкі, якую напісаў кампазытар Аляксандар Зацэпін. Тут, у гэтых нескладаных акордах, мах сапраўды ажыў. Выявілася, што ‘М‘ можна цягнуць зь лёгкай пацінай напружанасьці, пераводзіць яго ў голаснае адкрытае “А” і заглушаць ізноў такі зьлёгку працяжным “Х”. Вынік спадабаўся, і я нават падумаў, што сьледам за паэтамі, нашыя кампазытары таксама маглі-б заняцца перакладамі... музычнымі. Зьмена мовы песьні, па-мойму, дае магчымасьць карэкцыі музыкі, каб тая больш арганічна вязалася з новым тэкставым гукарадам.
А скончылася гэтая гісторыя досыць нечакана. Я прасьпяваў перакладзеную песьню сваім сынам, і тыя сказалі, што стаміліся яе слухаць яшчэ пад час маёй працы над тэкстам... Чаму? Можа таму, што яны ніколі ня чулі пра Энгельса, а можа – бо маюць сваю, пакуль што невядомую мне (а мо й ім самым) вэрсію адказу на пытаньне: што такое жыцьцё?
Газэта "Беларус"
|