Так, хакейная зборная Беларусі на праходзячым у гэтыя дні ў Маскве і Мыцішчах чэмпіянаце сьвету была сеньня мацней за звышмагутную каманду Канады ў першым і трэцім адрэзках гульні. Але пяць безадказных шайб у другім перыядзе сустрэчы павярнулі справу на карысьць“кляновых лістоў”.
У варотах беларускай каманды сюрпрызна з’явіўся малады Сцяпан Гарачэўскіх, які дэбютаваў у складзе нацыянальнай зборнай у афіцыйных сустрэчах і адразу супраць Канады, складзенай з НХЛэаўскіх прафесіяналаў.
Праўда, ацаніць яго гульню беларускай прыказкай “першую работу за плот выкідаюць” нават з улікам шасьці прапушчаных галоў, нельга. Канадцы нанесьлі 40 кідкоў і, такім чынам, наш галкіпер зрабіў 34 сэйвы. Выдатны вынік для дэбютанта. Яго партнэры таксама выглядалі няблага, але, трэба адзначыць, з істотнай дапамогай ад супернікаў.
Спачатку тыя, здаецца, недаацанілі беларусаў і ня вельмі напружваліся у першым перыядзе. Плюс канадцы, з дзяцінства прывучаныя к сілавому хакею, доўга не могуць прызвычаіцца да правілаў чэмпіяната сьвету: іх жорсткія дзеяньні, штуршкі і сілавыя прыемы, якія ў НХЛ арбітры бы прапусьцілі, на міжнароднай арэне караюцца выдаленьнем. Прыкладам, у сустрэчы з беларусамі паўночнаамерыканцы выдаляліся 13 разоў і чатырохразова нашыя гулялі ўпяцех супраць трох супернікаў. Дзьве з гэтых выдатных магчымасьцяў беларусы рэалізавалі. Менавіта так чынам забілі першы ды адзіны гол у стартавым пярыядзе – шайбу на свой рахунак запісаў Аляксей Угараў. Пасьля перапынку, аднак, канадцы заігралі больш хутка і дысцыплінавана і, як вынік, рэзка праявілася розніца супернікаў у клясе: цягацца з Канадай на роўных Беларусі пакуль яшчэ цяжка ды ня толькі ў хакеі. “Кляновыя лісты” хуценька закінулі пяць шайб, тры з якіх капітан Шэйн Доун, і на тым супакоілісь. У апошняй 20-хвілінцы беларусы пасьля крыўднага рыкашэта прапусьцілі яшчэ раз, але адказалі на гэта сваімі дзьвума шайбамі Аляксандра Радзінскага і Зьміцера Мялешка ў вароты пакуль яшчэ дзеючага ўладальніка Кубка Стэнлі з Караліны Кэма Уарда.
Такім чынам, пры нядрэннай гульні беларусы выйгралі 1:0 і 2:1 першы ды трэці перыяды суадносна, але, саступіўшы 0:5 у другім, прйгралі гэту сустрэчу канадцам з канчатковым вынікам 3:6.
Наступная гульня са Славакіяй у нядзелю. Нагадаем, што напярэдадні чэмпіянату Беларусь перамагла славакаў у таварыскай сустрэчы 2:1. Як будзе на гэты раз?
Ільля Куніцкі.
|