Гэты артыкул напісаны ў адказ на шматлікія пытаньні наконт больш актыўнай праграмы для БАЗА па цэлай Амэрыцы.
Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне, гэтая найбольшая беларуская арганізацыя ў ЗША, ужо існуе амаль 60 гадоў. За той час ейнымі сябрамі было зроблена шмат на карысьць беларушчыны. Былі заснаваныя аддзелы ў шматлікіх гарадох Амэрыкі, пад шыльдай БАЗА аднавіла дзейнасьць арганізацыя моладзі, раней былі спартовыя клюбы, выдатныя хоры і танцавальныя гурткі, ставіліся п’есы, быў актыўны ўдзел у міжнародных фэстывалях. Да гэтай пары выдаецца газэта “Беларус” і англамоўны часапіс Belarusian Review. БАЗА ўвесь час змагалася за незалежнасьць і свабоду Беларусі, выступаючы ў розных дзяржаўных установах, ладзячы палітычныя дэманстрацыі і пратэсты.
З тых пасьляваенных палітычных эмігрантаў, якія ў 1949 годзе запачаткавалі гэтую арганізацыю, мала хто застаўся. З часам далучыліся да працы малодшае пакаленьне ды тыя лічаныя адзінкі, якія пазьней прыяжджалі з Эўропы. Пасьля развалу Савецкага Саюзу пачынаецца прыплыў новых эмігрантаў зь Беларусі, гэтым разам больш эканамічных, чымся палітычных. З тых тысячаў новапрыежджых, некаторыя далучаюцца да існуючых беларускіх грамадзкіх арганізацыяў і цэркваў ды паступова пачынаюць адыгрываць актыўную ролю ў БАЗе, асабліва ў Нью-Ёрку. Надыходзіць час аднаўленьня дзейнасьці БАЗА па цэлай Амэрыцы, карыстаючыся патэнцыялам і энэргіяй новых сяброў і дасьветчаньнем старэйшых.
На 26-га траўня сёлета назначаныы чарговы Кангрэс БАЗА, на якім, між іншага, пройдуць выбары новай Галоўнай Управы. У наступных радкох згадваюцца асноўныя пункты пажаданай будучай дзейнасьці Галоўнай Управы, якія згодныя із Статутам БАЗА.
1) Арганізацыйная і палітычная дзейнасьць:
а. Узмацненьне дзейнасьці ўсіх дагэтуль існуючых Аддзелаў
б. Дапамога ў заснаваньні новых адзінак у асяродках, дзе знаходзяцца Беларусы, якія спрыяюць ідэі незалежнай і дэмакратычнай Беларусі. Трымаць цесную сувязь зь імі
в. Уплываць на амэрыканскія дзяржаўныя ўстановы на карысьць Беларусі
г. Зацікавіць у дзейнасьці БАЗА малодшае пакаленьне, дапамагаючы ствараць дзеля гэтага адпаведныя нутраныя праграмы і структуры.
2) Культурна-асьветная дзейнасьць:
а. Падрыхтаваць адпаведныя культурныя праграмы і матэрыялы, якія могуць быць выкарыстаныя ў Аддзелах. Выкарыстаць дасьветчаньне аднаго Аддзелу для паўтарэньня ў іншых
б. Дапамога ў ажыцьцяўленьні мясцовых праграмаў, як і агульных паўночнаамэрыканскіх мерапрыемстваў
в. Дапамога ў заснаваньні гурткоў мастацкай самадзейнасьці з удзелам моладзі
г. Падрыхтаваць праграмы і матэрыялы для асьветнай дзейнасьці, а менавіта для сыботніх школак для дзяцей і курсаў для дарослых, калі на гэта ёсьць жаданьне і зацікаўленьне.
3) Сацыяльная і дапамаговая дзейнасьць:
а. Стварыць умовы дзеля дапамогі новапрыежджым у азнаямленьні з амэрыканскімі рэаліямі
б. Падрыхтаваць праграму сяброўскіх спатканьняў із суродзічамі дзеля абмену дасьветчаньняў і парадаў, што і паможа ў пашырэньні сяброўства БАЗА
в. Дапамагаць пашыраць інфармацыю пра беларускае рэлігійнае жыцьцё, як і знаходзіць спосабы дапамогі суродзічам у бядзе.
БАЗА, як і кожная афіцыйна зарэгістраваная арганізацыя, мае свой Статут. Заданьнем Галоўнай Управы ёсьць дагляд за дзеяньнем паводле Статуту або, пры патрэбе, унясеньне адпаведных зьменаў у ім. Арганізацыя, якая ня трымаецца прынятых для сябе правілаў, ператвараецца ў натоўп або аморфную кучу людзей, ды з часам зьнікае. Неабходна, каб будучая Галоўная Ўправа складалася з працаздольнай каманды з вызначанымі адказнасьцямі, а не сьпіхала ўсю адказнасьць на асобу Старшыні. Таксама вельмі патрэбна, каб будучая Галоўная Ўправа працавала адкрыта, інфармуючы сяброў і грамадзтва аб сваёй дзейнасьці і плянах.
На заканчэньне варта выказаць надзею, што каманда, якая будзе выбраная на Канрэсе БАЗА ў траўні, будзе выконваць функцыі Галоўнай Управы прыблізна паводле пералічаных вышэй пунктаў. А праз два гады, на наступным Кангрэсе, яна здасьць поўную справаздачу з праробленай працы.
Вячка Станкевіч
|