На Чэмпіянаце сьвету па хакею, які праходзіць у гэтыя дні ў сталіцы Расеі, беларусы, нарэшце, атрымалі першую перамогу. Нагадаем, што да гэтага моманту нашы суайчыньнікі саступілі нацыянальным камандам Чэхіі і ЗША 2:8 ды 1:5 суадносна. Сеньня ж Беларусь апынулася мацней за зборную Аўстрыі. У прынцыпе, наша перамога прагназавалася, але было крышку трывожна пасьля істотных параз у першых дзьвух гульнях. Тым не меньш ўзначальваемая амерыканкім трэнерам Куртам Фрэйзерам беларуская дружына здолела сабрацца і прадэманстравала хакей добрай якасьці. Спачатку нашы захапілі лідэрства пасьля галоў Андрэя Глебава (у большасьці) і Зьміцера Дудзіка. Аднак на стыке першых дзьвух перыядаў, дзякуючы намаганьням волата-абаронцы Андрэ Лакоса, які двойчы засмуціў Андрэя Мезіна ў большасьці, аўстрыйцы лік зраўнялі. Але тое, што беларусы кантралююць ход паядынка, сумневу не вызывала. Неўзабаве, ізноў пры гульні ў няроўных складах, спачатку Аляксей Угараў спрытна згуляў пасьля адскоку шайбы ад шчыткоў галкіпера аўстрыйцаў, а потым капітан Алег Антоненка запісаў чарговы гол на свой рахунак. Нагадаем, што ветэран хакейных баталіяў да гэтага забіў усе беларускія шайбы на турніры: дзьве чэхам і адну амерыканцам. Усе, чым здолелі адказаць супернікі, так гэта грубымі дзеяньнямі. Ня дзіўна, што аўстрыйцы адсядзелі нашмат больш хвілін штрафу, чым нашыя. Парушэньнямі правілаў і правакацыямі на бойку падапечныя Джыма Боні імкнуліся кампенсаваць розніцу ў клясе. Добра, што беларусы адказвалі на грубіянства аўстрыйцаў як мае быць – забівалі ў большасьці. А бліжэй да фінальнай сірэны каманда Фрэйзера здолела пазьбегнуць нэрвовай канцоўкі: прыгожую шайбу закінуў Аляксандр Кулакоў. Ен падхапіў чорны дыск пасьля ўкідываньня, хутка зрэзаў шлях да варот і прыгожым рухам завеў шайбу за спіну галкіперу аўстрыйцаў Рэйнхарду Дзівісу. 5:2! І на гэтым можна было ставіць кропку, нашым супернікам нават здымаць брамніка каб пайсці на апошні штурм стала бессэнсоўна. Пад авацыю беларускіх заўзятараў, якіх па зразумелых прычынах была большасць на трыбунах арэны “Мыцішчы”, сустрэча скончылася. Прыемна, што нашы суайчыньнікі прывезьлі ў Маскву шмат нацыянальных сцягоў. З паўсюдным бел-чырвона-белым колерам на тэлеэкране і хакей глядзець цікавей ды радасьней.
Цяпер нас чакаюць яшчэ як мінімум тры гульні на другім этапе першынства. Дадатковых ачкоў у нас няма, але, здаецца, і супернікі – Канада, Славакія і хтосьці з пары Нарвегія-Германія - пакуль выглядаюсь крышку паслабей, чым мы малі на папярэднім этапе. А раптам...
Ільля Куніцкі
|