Заўвагі адносна дзейнасьці ў Нью-Ёрку “Беларускага Маладзёвага Руху”.
У студзені 2006 году на маладзёвым сэмінары, які прайшоў у Фундацыі Крэчэўскага, была адноўленая маладзёвая арганізацыя пры БАЗА, Згуртаваньне Беларускае Моладзі ў Амэрыцы (ЗБМА, Моладзь БАЗА). Праз некалькі тыдняў пасьля гэтага ў Нью-Ёрку было заяўлена пра стварэньне Беларускага Моладзевага Руху Амэрыкі. Здалося дзіўным, каб пасьля адной маладзёвай арганізацыі тут-жа паўставала другая. Сп. Аляксандар Вінакураў, які прадстаўляўся старшынём “Руху”, заяўляў, што ягоная арганізацыя віртуальная, скіраваная на дзейнасьць у інтэрнэце. Арганізацыя рэальна складалася ўсяго з трох-чатырох чалавек, але імкнулася стварыць уяўленьне пра сябе, як пра асноўную і найбольш дзейную структуру беларускай дыяспары ў ЗША. Заяўленай на створаным пазьней сайце мэтай яе “з’яўляецца з’яднаньне і падтрымка беларускай моладзі ў ЗША, а таксама стварэнне незалежнага беларускага інтернэту, спрыяньне разьвіцьцю дэмакратыі і правоў чалавека на Беларусі, распаўсюджваньне праўдзівай інфармацыі аб жыцьці беларусаў сьвету” (стыль арыгіналу захаваны).
Аднак, насуперак заявам, “з’яднаньне” вылілася ў несправакаваны канфлікт са Згуртаваньнем Беларускай Моладзі ў Амэрыцы (ЗБМА, Моладзьдзю БАЗА), а пазьней і зь Нью-Ёрскім аддзелам БАЗА. У адносінах да сябраў ЗБМА сп. Вінакураў дазваляў сабе пагрозы, у тым ліку абяцаньні фізычнай расправы. На сходы БАЗА пры саборы сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне прыходзіла шмат моладзі. Прысутны на сходах сп. Вінакураў, карыстаючыся тым, што госьці не заўсёды маглі разабрацца, дзе якая арганізцыя, запрашаў іх на свае імпрэзы, якія “Рух” ладзіў паралельна імпрэзам ЗБМА і БАЗА. Для правядзеньня сваіх пікетаў “Рух” без дазволу выкарыстоўваў сьцягі й плякаты Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА. Калі кіраўніцтва аддзелу БАЗА запатрабавала на час сходу аддзелу 11 сакавіка 2007 г. прыбраць раскладзеныя сп. Вінакуравым улёткі, той стаў дэмагагічна заяўляць, што яго ўлёткі “хацелі выкінуць”. Ужываючы інтэнсіўную самарэкляму праз інтэрнэт і е-мэйл, “Рух” зь некалькіх асобаў можа стварыць у недасьведчанага наведвальніка ягоных сайтаў уражаньне аб сабе, як самай масавай і ўплывовай беларускай структуры ў Нью-Ёрку. Тут сп. Вінакураву дарэчы прыйшоўся хаўрус з паасобнымі дзеячамі парафіяльнай рады сабору сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне.
Напачатку спроба супрацоўніцтва парафіяльнай рады і сп. Вінакурава была не зусім удалай. У абмен на стварэньне новага інтэрнэт-сайту для сабору і БАПЦ сп. Вінакураў запатрабаваў набыць у яго і ўсталяваць у саборы бюст Васіля Быкава. Бюст Быкава стварыў скульптар Алесь Шатэрнік, цесьць сп. Вінакурава. Нягледзячы на павагу да вялікага беларускага пісьменьніка, прапанова была адхіленая. Тады сп. Вінакураў заявіў, што тады ён анулюе сваю прапанову адносна стварэньня сайту БАПЦ і заблякуе яго. На кароткі час ён так і зрабіў. Урэшце быў абвешчаны збор грошай на куплю бюста. Напачатку збору грашовых сродкаў сп. Вінакураў паставіў у пачатку сьпісу ахвярадаўцаў імя Зянона Пазьняка, хоць, як высьветлілася, гэта было зроблена бязь ведама самога сп. Пазьняка. Пад паважанае імя сабраная была пэўная сума грошай, бюст выкуплены й ўсталяваны. Адносіны сп. Вінакурава і кіраўнікоў парафіяльнай рады наладзіліся. Ідуць размовы пра стварэньне мастацкага музэю пры саборы, дырэктарам якога зьяўляецца сп. Вінакураў.
У гэты-ж час сп. Вінакураў стаў дапамагаць сп. Зянону Пазьняку ў справе стварэньня асабістага сайту. Афіцыйны сайт сп. Пазьняка быў створаны іншай асобай і ўжо працаваў. Але той чалавек у выніку канфлікту з сп. Вінакуравым быў адхілены ад працы на сайце, а ўжо створаны ім сайт быў пераняты, без спасылкі й узгаданьня стваральніка. Больш таго, сп. Вінакураў стаў заяўляць, што стваральнік сайту патрабаваў ад сп. Пазьняка 1000 даляраў за працу, тады як на самой справе сайт быў зроблены бясплатна.
Мінулай восеньню паўстала новая праблема — без папярэджаньня, не параіўшыся зь Нью-Ёрскім аддзелам БАЗА, парафіяльная рада сабору сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне заявіла пра намер перадаць грамадзкую залю сабору на час сьвяткаваньня Новага году ў распараджэньне “Руху” сп. Вінакурава. Усе спробы нагадаць пра традыцыю правядзеньня сьвяткаваньняў пры саборы аддзелам БАЗА і просьбы дазволіць БАЗАўскую імпрэзу былі марныя. Перамовы, што прайшлі пасьля гэтага, прывялі толькі да кампраміснага варыянту, без удзелу БАЗА як арганізацыі. У выніку БАЗА, старэйшая беларукая арганізацыя ў ЗША, была выціснутая з беларускага храму і адхіленая ад сьвяткаваньня Новага 2008 году. Моладзь БАЗА была вымушаная, рэагуючы на такую непавагу і пагарду ў адносінах да Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА, правесьці сваё асобнае сьвяткаваньне, якое, дарэчы, прайшло зь вялікім посьпехам.
Усё прыведзенае вышэй – толькі частка фактаў, якія сьведчаць пра мэтадычную дэструкцыйную дзейнасьць сп. Аляксандра Вінакурава сярод беларускай грамады Нью-Ёрку і ваколіцаў. Прызнаючы слушнасьць мэтаў стварэньня беларускамоўных асяродкаў у інтэрнэце і пажаданасьць існаваньня ў Нью-Ёрку беларускага музэю, гэтаксама як і важнасьць абвешчаных “Рухам” сп. Вінакурава яднаньня і падтрымкі моладзі, захаваньня беларускай культуры й г. д., з сумам даводзіцца канстатаваць, што ў выніку дзеяньняў сп. Вінакурава адбываецца адваротнае. Скандалы й сваркі, якімі ад пачатку адзначылася ягоная дзейнасьць, падтрыманыя парафіяльнай радай сабору сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне, разьядноўваюць беларускую моладзь і ствараюць непатрэбную напружанасьць у беларускай грамадзе Нью-Ёрку і ваколіцаў, робяць закалот, які не ідзе на карысьць ні беларускай грамадзе, ні БАПЦ і БАЗА, ні самому “Беларускаму Моладзёваму Руху”, колькі-б асобаў у яго не ўваходзіла. Да сьветлых мэтаў нельга наблізіцца, ужываючы несумленныя і аблудныя мэтады.
Віталь ЗАЙКА, Старшыня Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА
Газэта "Беларус"
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.
|