• Галоўная
  • English
  • Пра нас
  • Пра БАЗа
  • Відэа
  • Фотаздымкі
  • Форум
  • Гасьцёўня
  • Спасылкі
  • Кантакт
  • Нашы банэры
  • Дадаць навіну
  • Рассылка




  • Юрась Зянковіч: Пра мову ў эміграцыі.

    Цікавае назіраньне наконт стаўленьня да беларускай мовы сярод беларусаў, што жывуць тут.

    Апошнім часам я стаў сустракаць даволі шмат беларусаў, якія жывуць у Дэнвэры. Зьвязана гэта з тым, што мне трэба пашыраць кола кантактаў, бо працу ў піццэрыі, зь якой сьмяяліся шмат хто, я згубіў яшчэ месяц таму. А без працы ў Амэрыцы вельмі цяжка.

    Без дакумантаў уладкавацца ў Каларада амаль нерэальна, таму пераважна пошукі сканцэнтраваныя ў расейска- і польскамоўных колах, дзе на такія "дробязі", як дакуманты, ня надта зьвяртаюць увагу. Тады, у чэрвені, калі я атрымаў працу ў піццы, я пісаў пра тое, што мне вельмі пашчасьціла. Але гэта выклікала толькі насьмешкі ў тых, хто жыве ў Беларусі не разумее рэаліяў эмігранцкага жыцьця. А між тым мне да атрыманьня дакумантаў яшчэ як мінімум 2 тыдні неяк трэба жыць. І гэта пры тым, што месяц я ўжо пражыў (дакладней праіснаваў). Скажу шчыра -- лепш піццу вазіць, чым сядзець без працы.

    Але я не пра тое, а пра стаўленьне да мовы. Дык вось, мясцовых беларусаў умоўна можна падзяліць на дзьве вялікія групы. Старэйшыя людзі, што прыехалі сюды на пачатку 90-х, і моладзь, якая прыехала за апошнія колькі год.

    Старэйшыя чуюць сябе хутчэй савецкімі людзьмі, і ім вельмі добра ў тым расейскамоўным асяродку, які тут сфармаваўся з постсавецкіх людзей. Яны не адчуваюць ніякай сувязі зь Беларусьсю, бо зьяжджалі яны з постсавецкай краіны, дзе было жабрацтва і не было адчуваньня нейкай дзяржаўнасьці. Таму для іх праблемы Беларусі і беларускай мовы -- гэта штосьці вельмі далёкае, і іх гэта не хвалюе.

    А вось моладзь -- гэта іншае. Большасьць зь іх сюды прыехалі па студэнцкіх праграмах сязоннай працы і ўсімі праўдамі і няпраўдамі тут засталіся. Меньшая частка прыехала па латэрэі Green Card. Так-так, у Беларусі цяжка паверыць у тое, што хтосьці ў яе выйграе, бо тых, што выйгралі, у краіне ўжо няма. А тут наадварот -- складаецца ўражаньне, што гэта латэрэя дае магчымасьць выйграць ледзь ня ўсім. Хаця на самой справе верагоднасьць выйгрышу для беларусаў -- каля 2%.

    Дык вось, тыя, што прыехалі ў апошнія гады, яны іншыя. Яны ведаюць, што яны -- грамадзяне Беларусі, а не СССР. Так, яны расейскамоўныя, але дзесьці адчуваюць у глыбіні, што іншыя, не такія, як расейцы ці ўкраінцы. І натуральны спосаб самаідэнтыфікацыі -- гэта мова. Таму, калі я да іх зьвяртаюся па-беларуску, гэта выклікае ня проста захапленьне -- яны самі пачынаюць імкнуцца на ёй гаварыць, хаця б са мною. І пры гэтым дзіка выбачаюцца, што кепска размаўляюць, бо жывуць у расейскамоўным асяродку. Але размаўляюць з бачным задавальненьнем, падкрэсьліваючы іншым расейскамоўным сваю адметнасьць. Увесь час спрабуюць ім перакладаць сутнасьць таго, што сказана па-беларуску, нават калі тыя перакладу не патрабуюць.

    Мне падаецца, што беларусы нарэшце пачынаюць фармавацца як нацыя і адчуваць сваю адметнасьць. У Беларусі, у сьвеце трасянкі беларуская мова ўспрымаецца як нейкі спосаб павыпендрывацца. А вось ва ўмовах эміграцыі яна як раз пачынае граць тую ролю, якую павінная -- дэманстраваць адметнасьць народу. У беларусаў, хаця яны яшчэ ў самой Беларусі гэтага не адчуваюць, ужо сфармавалася пачуцьцё нацыянальнай годнасьці. Але ўсплывае гэтае пачуцьцё толькі тады, калі яны сутыкаюцца зь іншымі расейскамоўнымі групамі, якія ўпарта не жадаюць іх адрозьніваць ад сябе.

    Таму Беларусь жыве і будзе жыць. Цяпер гэта я ведаю напэўна. Як бы цяжка ні было, але мы -- ужо народ. І з гэтым усім давядзецца лічыцца.

    ziankovich.livejournal.com


    Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.