Памерлі мітрапаліт БАПЦ Ізяслаў і грамадзкі дзеяч Кастусь Мерляк.
Сёньня ўначы памерлі мітрапаліт Беларускай аўтакефальнай
праваслаўнай царквы на эміграцыі Ізяслаў (Бруцкі) і грамадзкі дзеяч
Кастусь Мерляк.
Янка Бруцкі нарадзіўся 22 студзеня 1926 г. у Белавушы (сёньня Столінскі раён
Берасьцейскай вобл.) у сялянскай сям’і Данілы й Марыі
Бруцкіх‑Стэмпкоўскіх. Быў трэцім сынам у сям’і, якая мела 25‑ці гэктаравую
гаспадарку.
Пасьля прыходу ў Заходнюю Беларусь саветаў бацька быў арыштаваны і
вывезены ў Казахстан. Потым трапіў у Армію Андэрса, быў у лягеры цывільных
ва Ўгандзе.
Янка Бруцкі ў траўні
1943 г. быў вывезены на
прымусовыя працы ў Нямеччыну. Працаваў на фабрыцы ў Фленсбургу, потым на
рамонце чыгуначных рэек.
Па капітуляцыі Нямеччыны апынуўся ва ўкраінскім лягеры ў Гановэры.
Улетку 1947 г.
выехаў у Канаду, адпрацаваў паводле кантракту дрывасекам у правінцыі
Антарыё, потым перабраўся ў правінцыю Манітоба ў горад Вініпэг, дзе
пражывалі ягоныя сваякі, а ў 1949 г. пераехаў бацька.
Янка Бруцкі скончыў Манітобскі унівэрсытэт паводле спэцыяльнасьці
інжынер‑будаўнік. У 1954
г. пераехаў у Таронта, працаваў у аддзеле дарог (займаўся
дарожным будаўніцтвам), браў удзел у беларускім грамадзкім жыцьці — быў
актывістам Згуртаваньня беларусаў Канады (ЗБК), прыходу сьв. Кірылы
Тураўскага БАПЦ. У 1957—1959 гг. быў старшынём ЗБК.
У 1962 г.
выехаў у Дэтройт (ЗША), потым перасяліўся ў Каліфорнію, жыў у
Лос‑Анджэласе, дзе ўзначальваў мясцовы аддзел Беларуска‑амэрыканскага
задзіночаньня (БАЗА), працаваў у этнічных структурах Рэспубліканскай
партыі.
З 1969 г. жыў у
Кліўлендзе (штат Агаё), дзе ўзначаліў парафіяльную раду прыходу Жыровіцкай
Божай Маці Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
29 красавіка 1979
г. мітрапалітам Андрэем (Крытам) высьвячаны на дыякана, а 26 жніўня 1979 г. уладыкам
Мікалаем на сьвятара.
22 лютага 1981
г. у Баўнд-Бруку (Нью-Джэрзі) мітрапалітам Андрэем і украінскімі
япіскапамі Янка Бруцкі хіратанізаваны ў япіскапы БАПЦ з манаскім імем
Ізяслаў. Хіратанізацыю не прызнаў уладыка Мікалай (Мацукевіч), што прывяло
да расколу ў БАПЦ, які трываў два дзесяцігодзьдзі.
Частка прыходаў БАПЦ прызналі ўладу Ізяслава: у Англіі, Аўстраліі,
прыход у Гайленд-Парку ў ЗША. Астатнія прыходы ў ЗША, прыход у Канадзе
сталі на бок Мікалая. Ізяслаў падаў у сьвецкі суд на непакорныя прыходы і
часткова адсудзіў сабе гэту маёмасьць. Гэта вельмі непрыгожая старонка ў
гісторыі беларускай эміграцыі.
Дэ-факта Ізяслаў узначаліў абодва крылы БАПЦ пасьля царкоўнага сабору
2003 г. які
адбыўся псьля сьмерці Мікалая Мацукевіча 20 чэрвеня 2003 г.
Апошнія некалькі гадоў Ізяслаў правёў у доме для састарэлых, слаба
разумеючы навакольную рэчаіснасьць.
***
Мерляк быў адной з найбуйнейшых фігураў беларускай
дыяспары ў ЗША.
Кастусь Мерляк нарадзіўся 25 сьнежня 1919 г. у в. Дзетамля (сёньня
Наваградзкі р‑н). У 1940 г. скончыў курсы інспэктараў Дзяржбанку БССР у
Беластоку. Працаваў бухгальтарам, старшым крэдытным інспэктарам.
Падчас вайны — у беларускай адміністрацыі на Наваградчыне, інтэндант
пры Наваградзкім швадроне Барыса Рагулі.
Зь лета 1944 г. — на выгнаньні. Пры канцы вайны апынуўся ў Італіі, дзе
быў інтэрнаваны. У 1947 г. выехаў у Аргентыну, дзе стварыў і узначаліў
Згуртаваньне беларусаў у Аргентыне, якое было вымушана «ваяваць» з больш
чым дзясяткам беларускіх арганізацый, што знаходзіліся пад моцным уплывам
савецкай амбасады.
У 1954 г. разам зь сям’ёй пераехаў у ЗША. Пасяліўся ў Нью-Ёрку.
Узначаліў Сэктар Рады БНР на ЗША, управу Беларуска‑амэрыканскага
задзіночаньня на Нью‑Ёрк, у 1959—1963 гг. — старшыня Галоўнай Управы
БАЗА.
У 1963 г. на выбарах новага старшыні БАЗА прайграў Станіславу
Станкевічу. Паводле К. Мерляка, яго зьмясьцілі за пасады за тое, што ён
рэзка крытыкаваў дзейнасьць прэзыдэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка.
У 1964 г. Мерляк быў пазбаўлены пасады старшыні акруговага аддзелу
БАЗА. Разам з прыхільнікамі — Васіль Шчэцька, Пётра Мельяновіч, Леанід
Ляўковіч, Ян Казьлякоўскі ды інш. — заснаваў Беларуска‑амэрыканскае
аб’еднаньне ў штаце Нью‑Ёрк.
У 1965 г. разыграўся яшчэ адзін канфлікт. Гэтым разам у прыходзе сьв.
Кірылы Тураўскага ў Брукліне (Мерляк быў адным зь ініцыятараў набыцьця
будынку царквы на Атлянтык‑авэню) зь япіскапам БАПЦ Васілём
(Тамашчыкам).
У 1965 г. прайшлі перавыбары ў царкоўную раду прыходу, у якой - так
атрымалася - апынуліся амаль усе паплечнікі Мерляка (і ён сам), што на той
час арганізавалі Беларуска-амэрыканскае аб'еднаньне. Япіскап Васіль новай
царкоўнай рады не прызнаў, а стварыў сваю раду з прыхільнікаў (Янка
Ніхаёнак, Аляксандар Міцкевіч, Барыс Данілюк ды інш). Вынікам двух гадоў
супрацьстаяньня стала адлучэньне Мерляка Васілём ад царквы. Да таго ж
япіскап Васіль зьвярнуўся ў сьвецкі суд. Вынікам судовых спрэчак сталі
вялікія грашовыя сумы, выдаткаваныя на працэс, ды папсаваньне рэпутацыі
бруклінскага прыходу.
У выніку Мерляк з паплечнікамі пакінулі парафію і заснавалі ў 1968 г.
прыход з аналягічнай назвай — сьв. Кірылы Тураўскага — на той жа самай
вуліцы Атлянтык‑авэню, толькі ў іншым раёне Нью‑Ёрку — Рычманд‑Гіл. У 1969
г. прыход (тут працавалі сьвятары Сьвятаслаў Коўш, Пётра Саўчыц, Язэп
Строк, Грэгары О’Кіф ды інш.) перайшоў у юрысдыкцыю канстанцінопальскага
(сусьветнага) патрыярха.
У 1983 г. было канчаткова скончана ўзьвядзеньне царквы. 30 кастрычніка
1983 г. царква сьв. Кірылы Тураўскага ў Рычманд-Гіле была ўрачыста
высьвячана.
У сярэдзіне 1990‑х Кастусь Мерляк адышоў ад актыўнай грамадзкай
дзейнасьці.
У 1992 г. выдаў у Нью‑Ёрку грунтоўныя успаміны: "Дзейнасьць Кастуся
Мерляка на эміграцыі: праніклівасьць і практычны падыход", напісаныя ад
трэцяе асобы.
Па сабе пакінуў жонку Ганну Губэрт ды сыноў Юльяна, Данілу,
Вінцэнта.
Паніхіда і адпяваньне пройдзе ў царкве ў Рычманд-Гіле.
Наша Ніва
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.
|