Паўлу Севярынцу паставілі ў пашпарт дазвольны штамп для выезду за мяжу.
Лідэру стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Паўлу Севярынцу паставілі ў пашпарт дазвольны штамп для выезду за мяжу. Як паведаміў палітык Радыё Свабода, сёлета ў ліпені ён ўжо зьвяртаўся ў аддзел па грамадзянству і міграцыі Першамайскага раёну Віцебску, аднак яму адмовіліся паставіць дазвольны штамп у пашпарт.
Павал Севярынец зьвярнуўся другі раз па дазвол на выезд напачатку лістапада. Пры падачы дакумэнтаў супрацоўнікі аддзелу па грамадзянству і міграцыі Першамайскага раёну Віцебску гаварылі Севярынцу пра малаверагоднасьць атрыманьня дазвольнага штампу.
Аднак 19 лістапада ўвечары маці палітыка Тацьцяне Севярынец паведамілі пра тое, што дазвол будзе. І 20 лістапада штамп для выезду за мяжу Паўлу Севярынцу паставілі.
Першай краінай, куды паедзе палітык, будуць Злучаныя Штаты Амэрыкі. З 1 па 9 сьнежня ў складзе беларускіх дэлегацыі дэмакратычных сілаў Павал Севярынец наведае Вашынгтон.
Павал не выключае, што ў яго могуць узьнікнуць праблемы пры перасячэньні мяжы ў сувязі з наяўнасьцю гэтак званых “чорных сьпісаў”.
Павал Севярынец быў пакараны двума гадамі абмежаваньня свабоды – суд у Менску палічыў яго вінаватым у арганізацыі ў 2004 годзе мітынгу пратэсту супроць вынікаў рэфэрэндуму, які дазволіў Аляксандру Лукашэнку вылучацца трэці раз на пасаду прэзыдэнта. З “хіміі” Паўла Севярынца вызвалілі сёлета ў траўні на чатыры месяцы раней, чым меў скончыцца тэрмін пакараньня.
www.svaboda.org
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.
|