Памёр Цімох Вострыкаў.
У Гомелі на 85-м годзе жыцьця памёр Цімох Вострыкаў – удзельнік амэрыканскага дэсанту на Беларусь у 1952 г., паведамляе БелаПАН.
Нагадаем, што 22 кастрычніка Цімоха Вострыкава наведала здымачная група. Хутчэй за ўсё гэта былі людзі, што здымалі дакумэнтальны фільм "Рэзыдэнт двух разьведак" (рэжысёр – Ксенія Бахарава). Фільм (працягласьць 35 хвілін) паказалі па АНТ 9 лістапада, паведаміў у сваім LJ kabierac.
***
Цімох Вострыкаў нарадзіўся ў 1922 г. у вёсцы Баршчоўка (сёньня Добрускі раён Гомельскай вобласьці). Зь лета 1944 г. на выгнаньні. Вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы (Міхэльсдорф, Баварыя), Лювэнскім унівэрсытэце.
У жніўні 1952 г. ён быў закінуты амэрыканскім самалётам у Беларусь у складзе групы з чатырох чалавек: Карл (Цімох Вострыкаў), Фін (Арцішэўскі), Бэн (Касьцюк), Джо (Кальніцкі). Празь некалькі дзён Вострыкаў арыштаваны супрацоўнікамі НКУС, а ў кастрычніку 1954 г. паводле прыгавору суда разам з Бэнам (Генадзем Касьцюком) асуджаны за «здраду Радзіме са зброяй у руках». 23 гады Цімох Вострыкаў правёў у мардоўскіх лягерах. Па вызваленьні ў 1975 г. пасяліўся ў Гомелі.
Наша Ніва
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.
|