Ізраільскім бізнэсмэнам прапанавалі сысці з Беларусі.
У адкрытым лісце да міністра замежных спраў Ізраіля Цыпі Ліўні прэзідэнт Сусветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў (ЗША) Якаў Гутман прапаноўвае ізраільскім бізнэсмэнам згарнуць свае справы ў Беларусі.
Аўтар ліста вітае "рашучыя дзеянні" кіраўнікі ізраільскага МЗС "па барацьбе з дзяржаўным антысемітызмам у Беларусі" і адзначае, што нядаўнія выказванні Аляксандра Лукашэнкі з'яўляюцца толькі "бачнай вяршыняй айсберга дзяржаўнага антысемітызму".
У пацверджанне гэтай высновы Я.Гутман прыводзіць шэраг фактаў. Сярод іх – адмова пракуратуры і судовай сістэмы дзяржавы прыцягнуць да адказнасці выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў кнігі "Вайна па законах подласці", якая выйшла ў 1999 годзе 30-тысячным накладам у менскім выдавецтве "Праваслаўная ініцыятыва", а таксама ўзвядзенне жылога дому і гандлёвага комплексу з паркінгам на месцы дзвюх менскіх сінагог XIX і XVI стагоддзяў, разбураных у 2001 і 2003 гады і правядзенне ў 2003 годзе будаўнічых прац на габрэйскіх могілках у Гародні і Мазыры, паведамляе БелаПАН.
"Мемарыяльны знак, усталяваны ВАБЕ ў лістападзе 2003 года ў Мазыры па вуліцы Кірава на месцы самаспалення габрэяў падчас акупацыі горада нацыстамі, у снежні 2003 года быў знішчаны па рашэнні гарвыканкама", – гаворыцца ў лісце.
"Адной з праяў палітыкі дзяржаўнага антысемітызму з'яўляецца адмова кіраўніцтва Беларусі абмяркоўваць праблему выплаты пенсій эмігрантам з гэтай краіны. Пераважная большасць выхадцаў з Беларусі, якія цяпер пражываюць у Ізраілі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і іншых краінах свету, з'яўляюцца габрэямі", – адзначаецца ў лісце.
Яго аўтар лічыць, што ізраільскія прадпрымальнікі і бізнэсмэны з іншых краін могуць весці свае справы ў Беларусі толькі тады, калі будуць пакараныя выдаўцы і распаўсюджвальнікі кнігі "Вайна па законах подласці"; габрэйскай суполцы будзе выплачаная кампенсаванне кошту знесеных у Менску сінагог па вуліцах Дзімітрава і Няміга і зямельных участкаў, на якіх яны былі пабудаваныя; будзе вернуты на месца самаспалення мазырскіх габрэяў памятны знак і валун, знесеныя на рашэнне мясцовых улад, а таксама пачнуцца перамовы аб выплаце пенсій эмігрантам з Беларусі.
Хартыя97
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.
|