(Фота) Пастар Эрнэст Сабіла перадаў свайму паплечніку па мардоўскаму лагеру Цімоху Вострыкаву матэрыяльную дапамогу.
У ноч з 26 на 27 жніўня 1952 года у Налібокскай пушчы дэсантаваліся “амерыканскія шпіёны” — паўнамоцныя прадстаўнікі Рады БНР Генадзь Касьцюк, Міхась Кальніцкі, Цімох Вострыкаў і Міхась Арцюшэўскі. Як прадстаўнікі Рады, яны мелі на мэце падтрымліваць беларускі нацыянальны рух.
Праз 55 гадоў пасьля высадкі “чацьверкі дыверсантаў” беларуская моладзь у Амэрыцы ўзгадала подзьвіг адважных суайчыннікаў і правяла акцыю “Шляхам Вострыкава”. Маладыя людзі зьдзейсьнілі некалькі скачкоў з парашутам і сабралі грошы для падтрымкі цяжкахворага 84-гадовага Цімоха Вострыкава. Гэтыя сродкі, а таксама матэрыяльную дапамогу ад фонду падтрымкі ”Салідарнасьць”, які ўзначальвае спадарыня Іна Кулей, ў гэтую нядзелю 26 жніўня перадаў змагару за вольную ад бальшавікоў Беларусь ягоны колішні сулагернік Эрнэст Сабіла — пастар забароненай уладамі Беларускай Евангельскай Царквы і сябра аргкамітэту партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя.
Лёс людзей, якія такім незвычайным чынам зьявіліся паўвеку таму ў Савецкай Беларусі, склаўся па-рознаму. Па зьвестках МГБ, гэта былі амерыканскія шпіёны-дыверстанты. Прыкладна праз тыдзень адважныя беларусы былі затрыманыя. Кальніцкі быў застрэлены пры затрыманьні, Касьцюк быў атручаны ў мардоўскім лагеры, дзе разам зь Цімохам Вострыкавым ім прыйшлося адбываць пакараньне. А вось лёс Арцюшэўскага невядомы і па сёньняшні дзень. Ёсць пэўныя зьвесткі, якія ніхто ня можа ні падцвердзіць, ні абвергнуць, што менавіта Арцюшэўскі і быў здраднікам. Дарэчы, у 1956 годзе ён быў пакараны Вярхоўным Саветам СССР, але пазьбегнуў крымінальнай адказнасьці і лёсу сваіх паплечнікаў.
У Мардовіі, у сёмым лагпункце, літасцівы лес зьвёў Цімоха Вострыкава з Эрнэстам Сабілам. Чалавек гэты трапіў у жорны сталінскіх рэпрэсіяў за “антысавецкую дзейнасць, абцяжараную нацыянальнымі і рэлігійнымі забабонамі”. Былыя палітычныя вязьні сустрэліся гэтымі днямі ў Гомелі, дзе зараз дажывае свой век разьбіты хваробамі Цімох Акімавіч. Ён амаль стаціў зрок, перажыў два інсульты, амаль ня ходзіць. Але вельмі ўзрадваўся візіту паплечніка і аднадумца, шчыра дзякаваў за дапамогу. Эрнэст Канстанцінавіч нагадаў Вострыкаву гады, праведзеныя ў лагерах. “Ты павінен ведаць, што подзьвіг твой у імя Радзімы, Бацькаўшчыны, не забыты. Мы будзем галасіць і па Захадзе, і тут, па нашай Беларусі, каб памяталі, што Цімох Вострыкаў жыў і рызыкаваў сваім жыцьцём ня дзеля сябе, а дзеля адраджэньня Бацькаўшчыны. Трымайся, Цімох, і заставайся заўсёды, як і сёньня, у цвёрдым розуме. Маліся Богу нашаму, а мы з усіх сваіх сілаў і магчымасьцяў будзем дапамагаць табе”, — казаў Э. Сабіла.
Цімох Акімавіч падзякваў усім людзям, што не забываюць яго і дапамагаюць, і наказаў маладым беларусам быць сапраўднымі людзьмі.
Паводле БелаПАН і ўласнай інфармацыі
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.
|