• Галоўная
  • English
  • Пра нас
  • Пра БАЗа
  • Відэа
  • Фотаздымкі
  • Форум
  • Гасьцёўня
  • Спасылкі
  • Кантакт
  • Нашы банэры
  • Дадаць навіну
  • Рассылка




  • Янка Запруднік. Дванаццатка. БІНіМ, 2002. – 510 с.

    Даўно чакалася ў Беларусі кніга Янкі Запрудніка пра лёс беларускіх студэнтаў у паваеннай Еўропе. І вось «Дванаццатка» з’явілася — выдатна, з густам выдадзены том (апрацоўка вокладкі таленавітай мастачкі Ірэны Рагалевіч-Дутко) у серыі публікацыяў Беларускага інстытута навукі і мастацтва «Гісторыя беларускай эміграцыі» (Нью-Ёрк, 2002).

    Ад першых старонак, дзе аўтар згадвае пра тое, як нараджалася і жыла ў ягонай душы ідэя напісаць кнігу пра сваіх сяброў, і да эпілога, — кніга чытаецца з неаслабнай увагай і захапленнем. Магчыма таму, што лёс дванаццаці беларускіх хлопцаў, юнацтва якіх пачалося развітаннем з радзімай, прайшло праз Германію, Вялікабрытанію, Бельгію і, прасочанае пісьменнікам на працягу дзесяці гадоў, успрымаецца як лёс цэлага пакалення беларусаў на цяжкіх і складаных зломах айчыннай гісторыі, перажытых нашай шматпакутнай Бацькаўшчынай. І нездарма кнігу гэтую аўтар прысвяціў памяці сваіх бацькоў «Мікалая і Веры Вільчыцкіх ды памяці бацькоў маіх сяброў з Дванаццаткі», падкрэсліваючы тым самым непарыўную еднасць, пераемнасць пакаленняў і адначасна сцвярджаючы іцэю вольнай незалежнай Беларусі. Пакідаючы сваю кнігу ў акіяне часу, аўтар спадзяецца, што такое яго своеасаблівае пасланне да моладзі, яго жыццёва-літаратурны запавет, які ствараўся на мяжы стагоддзяў, дойдзе «да другога сэрца, каб працягвалася повязь пакаленняў, повязь раскіданых па свеце сыноў і дочак Беларускай Зямлі».

    Па жанры ды і па аўтарскім вызначэнні «Дванаццатка», якая мае адзінаццаць раздзелаў, «кніга мэмуарна-дакументальная». У ёй разам з успамінамі, дзённікавымі запісамі ды выпісамі з эміграцыйнага друку падаюцца таксама пажаданні для моладзі ад дзеячаў беларускай паваеннай дыяспары, выказванні самой моладзі, лісты, публіцыстычныя артыкулы й літаратурныя творы, аўтарамі якіх былі суб’екты нашага аповеду. Бальшыня змешчанага дакументальнага матэрыялу публікуецца ўпершыню. Упершыню таксама чытач у Беларусі азнаёміцца з літаратурнымі творамі, што друкаваліся ў часопісе «Наперад!», органе Дванаццаткі.

    У кнізе адлюстраваны перыяд сярэдзіны мінулага стагоддзя з ягоным мікра- і макракосмасам ды з беларускімі вялікімі і малымі праблемамі. Чытач пабачыць, якім глыбінна творчым фактарам можа быць нацыянальнае ўзгадаванне моладзі й нацыянальная свядомасць…

    Жыццё на эміграцыі, асабліва тады, калі табе забаронена наведаць паняволеную Радзіму, вучыць любіць свой край на павышаным эмацыянальным узроўні. Адарваны ад Бацькаўшчыны, апынуўшыся ў чужым наваколлі, чалавек знаходзіць у сабе новы стымул да самаўсведамлення і самазахавання. Свядомасць ягоная завастраецца ад страты свайго псіхалагічнага і культурнага асяроддзя, душа становіцца найчуллівай да агульнага народнага гора і нацыянальных патрэбаў…

    «Гісторыя Дванаццаткі, можна сказаць, — гэта люстра душы кожнага беларуса, духовы патэнцыял якога ўключае ў сябе прыспаную сілу любасці да роднага Краю, незмабілізаваную ва ўмовах прывычнага, шэрага, а часта й цяжкога штодзённага быту на сваёй роднай зямлі. Але дзесьці на самым дне душы гэтая сіла ляжыць, дрэмле. У экстрэмальных умовах яна абуджаецца й дае плён…»

    Акрэсліўшы жанр, мэту, ідэю, час дзеяння кнігі, пісьменнік, а ўслед за ім і чытач, пускаецца ў бурнае плаванне па жыццёвых хвалях беларусаў, кожны з якіх уяўляе сабой цэлы свет — цікавы, непаўторны і незабыўны. І кожнага са сваіх сяброў-паплечнікаў, што шчыра і аддана служылі нацыянальнай ідэі і паняволенай Бацькаўшчыне, аўтар абяссмерціў сваёй кнігай, паставіў ім «Дванаццаткай» вечны помнік. Надзвычай знамянальна, што кніга Янкі Запрудніка (як, дарэчы, і ягоная «Беларусь на гістарычных скрыжаваннях», грунтоўнае даследаванне, прасякнутае беларускім патрыятызмам і нацыянальнай ідэяй) з’явілася на самым пачатку новага тысячагоддзя, калі Беларусь павінна замацоўваць статус вольнай і незалежнай краіны, а беларусы даказаць, што яны жылі і будуць жыць як любая старажытная нацыя, якая існуе на працягу многіх стагоддзяў, нягледзячы ні на якія акупацыі і ганенні. Такія асноўныя пастулаты нацыянальнай ідэі сцвярджаюцца ўсім зместам, вобразамі «Дванаццаткі», і гэта разумееш, калі ўчытаешся ў лёс і дзеянні герояў, якія, стаўшы выгнанцамі, не ведаючы замежных моваў, не маючы сталай матэрыяльнай падтрымкі, змаглі дасягнуць вышынь жыцця, годных высокаадукаванага, высокадухоўнага, інтэлігентнага чалавека, змаглі пераадолець усе цяжкасці і выпрабаванні, якія выпалі на іх долю ў далёкіх, нязнаных краінах. І дасягнулі яны ўсяго гэтага, дзякуючы сваёй беларускай працавітасці, упартасці, трываласці, празе ведаў. І нездарма на вокладцы «Дванаццаткі» шматзначныя сімвалы — кнігі і на іх шахцёрская кірка — як шлях праз цяжкую працу, пошук сваёй сцяжыны, веды, служэнне сваёй айчыне, да жыццёвага поспеху, здзяйснення ўсіх мар, надзей і спадзяванняў. Сімвалічна яшчэ і тое, што пісьменніцкі талент аўтара, натхнёны любоўю да Беларусі, змог так нязмушана і незаўважна рабіць чытача непасрэдным удзельнікам усіх падзей, якія адбываюцца ў жыцці дзейных асоб твора. І не толькі ў лёсах Дванаццаткі: Алеся Буты, Міхася Вострыкава, Піліпа Дзехцяра, Паўла Дзмітрука, Янкі Жучкі, Янкі Запрудніка, Леаніда Карася, Алеся Марговіча, Паўла Урбана, Уладзіміра Цвіркі, Леаніда Швайчука, Васіля Шчэцькі, але і ў лёсах многіх вядомых дзеячаў беларускай эміграцыі — кампазітараў, пісьменнікаў, святароў, палітыкаў ды і наогул звычайных людзей.

    Разам з Дванаццаткай мы праходзім шлях беларускіх юнакоў ад вучобы ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы, арганізаванай у Міхельсдорфе (1945) да іх тужлівага развітання з блізкімі, сябрамі, беларускім асяродкам Германіі і ад’езду ў Англію ў пошуках заробку, адчуваем, наколькі цяжкай была іх праца вуглякопаў у шахтах Шатландыі і Цэнтральнай Англіі. I невядома, ці вытрымалі б юнакі, каб іх не падтрымлівала моцнае сяброўства, далучэнне да жыцця беларусаў Вялікабрытаніі, ідэя дзеля ўмацавання духу і беларускай справы выдаваць часопіс, назва якога «Наперад!», як і творы маладых, няхай і нявопытных яшчэ аўтараў, давалі магчымасць выказаць набалелае, наталіць творчую і духоўную смагу. І яны вытрымалі — далейшы шлях Дванаццаткі азарыўся здзейсненай марай пра далейшую вучобу. Клопатамі многіх землякоў і спрыяльных выгнанцам еўрапейскіх вучоных і святароў яны становяцца студэнтамі старэйшага універсітэта Бельгіі ў горадзе Лювене. Гэтыя асноўныя раздзелы кнігі самыя цікавыя, насычаныя змястоўнай інфармацыяй, малавядомымі звесткамі пра жыццё, побыт, працу, вучобу, узаемаадносіны паваеннай беларускай эміграцыі. Аўтару ўдалося ўпісаць жыццё Дванаццаткі, як і наогул беларусаў, у кантэкст эпохі, падзей сярэдзіны XX стагоддзя настолькі арганічна і па-мастацку пераканаўча, што перад намі паўстае сапраўдная гісторыя беларускай эміграцыі ад самых яе першых крокаў у Еўропе, удалося паказаць, як хутка адаптавалася беларускае грамадства да чужой культуры і ўмоў жыцця, асабліва працавітая, здольная моладзь, што сведчыла пра беларусаў як пра сапраўды еўрапейскую нацыю. Амаль усе юнакі з Дванаццаткі, скончыўшы Лювенскі універсітэт, сталі актыўнымі ўдзельнікамі грамадска-культурнага жыцця не толькі беларускай дыяспары, неслі веды пра Беларусь у свет, прапагандавалі і сцвярджалі беларускую нацыянальную ідэю. І сваё студэнцкае жыццё, пра якое з такой любоўю апавядае Янка Запруднік, яны, хоць і ладзілі па ўзору еўрапейскіх універсітэтаў (быў ў Лювене створаны Беларускі студэнцкі цэнтр), аднак найбольш яно было насычана сваім нацыянальным духам і справамі. Быў створаны беларускі студэнцкі хор, які працаваў пад кіраўніцтвам таленавітага беларускага кампазітара Міколы Равенскага, якому ў кнізе прысвечаны многія эмацыянальна-прачулыя, цёплыя і ўдзячныя старонкі (апісваецца і пахаванне выдатнага музыкі, які памёр у 1953 г.). Студэнцкі хор, у рэпертуары якога былі пераважна беларускія народныя песні, аб’ездзіў многія гарады Еўропы, і ўсюды яму спадарожнічаў нязменны поспех. Наогул лювенскім студэнтам-беларусам могуць пазайздросціць і сённяшнія студэнты на Бацькаўшчыне, бо яны не маюць магчымасці ў час канікулаў, дзеля пашырэння агульнага кругагляду, як многія з былой Дванаццаткі ў 50-я гг. мінулага стагоддзя, пабываць у Рыме, Мілане, Венецыі, Фларэнцыі, Ватыкане, Парыжы, Берліне, Мюнхене, Бруселі, Льежы, Жэневе, Цюрыху, ЗША, Канадзе, палюбавацца Альпамі, вяршынямі Монблана з тэрасы Міжнароднага студэнцкага дома. («Да дзесятае гадзіны прабылі на тэрасе, слухаючы па радыё Шубэрта. Агеньчыкі, што залілі даліны і ўзбоччы гораў, празь цёплае паветра мігцяць, як брыльянты, і толькі спакойны Мон-Блян, як боства, сьвеціцца сьнягамі тут жа перад вачыма. Адчуваешся шчаслівым, і гэта адразу ж наганяе думкі аб доме. Ці можа ён нават мроіць аб гэткіх рэчах? Напэўна, не…» І сёння, дадамо, не можа нават марыць… Такімі лірычнымі адступленнямі насычаны старонкі, дзе апавядаецца пра студэнцкія вандроўкі па славутых гарадах і гістарычных мясцінах, і можна толькі здагадвацца, што адчувае аўтар, і суперажываць разам з ім ад балючага ўсведамлення цяжкасці і беспрасветнасці жыцця простых людзей на Бацькаўшчыне, што знаходзіцца ў цэнтры цывілізаванай Еўропы. Але, нягледзячы ні на што, родны дом нязменна жыве ў душы: «Гэтымі днямі больш, як заўсёды, думкі круцяцца ля дому, ля маці. Цэлы дзень пры працы, асабліва пры манатоннай, праходзіць у ўспамінах — іхны прыемны солад ніколі мусіць ня сьціхне, шмат памагаючы праводзіць час. Дні, здарэньні, эпізоды, малюнкі мінулага з такой прыемнасьцяй паўтараюцца перад вачыма нязьлічоны лік разоў. А ў цэнтры — мама…»

    Вось такімі думкамі апаноўваецца сэрца, душа, памяць беларуса, які воляю лёсу вымушаны быў пакінуць Радзіму. «Дванаццатка» хоць і апавядае пра жыццё землякоў у далёкім замежжы, аднак па духу яна шчыра беларуская. Аўтару безаглядна верыш, суперажываеш, захапляешся, сумуеш. Відаць, таму, што ўсе падзеі, лёсы раскрываюцца праз успрыманне і вачыма непасрэднага ўдзельніка, відавочцы, які перажыў усё гэта на сваім уласным вопыце. І яшчэ таму, што ён не займаецца апісальніцтвам, а насычае кнігу жывымі сведчаннямі: дзённікавымі запісамі, лістамі, дакументамі, успамінамі, фотаздымкамі, перамяжоўвае цікавымі гісторыямі (як, да прыкладу, гісторыя Лювенскага універсітэта), легендамі, паданнямі, апісаннямі помнікаў, гістарычных мясцін, ваколіц, пейзажнымі малюнкамі, устаўкамі-разважаннямі пра міжнароднае тагачаснае становішча, гаворыць пра свае ўражанні ад лекцый, вандровак па свету, робіць лірычныя адступленні, па-мастацку дасканалыя і кранальныя. Але самае галоўнае ў кнізе — людзі, нам добра вядомыя імёны беларускіх пісьменнікаў, творы якіх прыводзяцца на старонках кнігі, асабліва вершы Наталлі Арсенневай, Масея Сяднёва, Алеся Салаўя, П. Сыча, М. Кавыля, Я. Юхнаўца і інш., як і творы таленавітых аўтараў з Дванаццаткі: Сяргея Ясеня, Паўлюка Вазёрнага і інш. Добрым словам згадвае пісьменнік сваіх настаўнікаў па гімназіі імя Я. Купалы: Іну Рытар, Міхася Міцкевіча, Антона Адамовіча, Станіслава Станкевіча, Аўгена Каханоўскага, Аляксандра Орсу, тэатральную студыю, створаную ў Міхельсдорфе таленавітым пісьменнікам, акцёрам і рэжысёрам А. Кавалеўскім, пастаноўкі і канцэрты пад кіраўніцтвам кампазітара М. Куліковіча, лічыць патрэбным сказаць і пра раскол, палітычна-ідэйныя спрэчкі паміж крывічамі і зарубежнікамі, прыхільнікамі Рады БНР на чале з Міколам Абрамчыкам і Беларускай цэнтральнай рады — БЦР на чале з Радаславам Астроўскім. Рассыпаны па старонках кнігі і кароткія аповеды, уражанні ад сустрэч з выдатнымі беларусамі, сябрамі, наогул цікавымі людзьмі (спеваком П. Конюхам, кампазітарам А. Карповічам, а. Робертам ван Каўэляртам, які быў душой беларускай студэнцкай сям’і, а. Л. Гарошкам, а. Ч. Сіповічам, маладымі Зорай Савёнак і Вітаўтам Кіпелем і многімі іншымі), апісанні, як святкавалі беларусы на чужыне свае нацыянальныя святы, асабліва 25 Сакавіка, моцна трымаліся нацыянальных сімвалаў і народных традыцый. Усё гэта стварае аб’ёмную, рознапланавую гісторыю беларускай дыяспары на фоне жыцця Еўропы 40–50-х гг. Добра дапаўняе і падсвечвае яе змест і творы часопіса «Наперад!» «ангельскага» і «бельгійскага» перыядаў. На яго старонках друкаваліся творы паэзіі, прозы, публіцыстыкі як старэйшых пісьменнікаў, так і пачынаючых, амаль усіх сяброў Дванаццаткі. Мне, аўтару гэтага артыкула, пашчасціла ў сярэдзіне 90-х папрацаваць, з ласкі і гасціннасці а. Аляксандра Надсана, у Скарынінскай бібліятэцы Лондана, і там я змагла ў арыгінале перачытаць, патрымаць у руках, зрабіць выпіскі з многіх твораў часопіса «Наперад!», асабліва я звярнула ўвагу на выдатныя вершы, паэмы С. Ясеня-Будзіча, ведаючы, што за гэтым псеўданімам стаіць сённяшні аўтар «Дванаццаткі» — таленавіты паэт, празаік, гісторык, публіцыст Янка Запруднік, наш знакаміты зямляк з Міра Сяргей Вільчыцкі. Дзякуючы яго намаганням, натхненню і таленту, ажыццёўлена вялікая справа — напісана яшчэ адна выдатная кніга па гісторыі Беларусі і эміграцыі, якую трэба мець кожнаму беларусу, каб чытаць і наследаваць самаадданым запаветам служэння Бацькаўшчыне і свайму народу.

    «У маім архіве, — адзначае напрыканцы «Дванаццаткі» пісьменнік, — ёсьць унікальны рукапісны зборнік-альбом з упісанымі ў яго запаветамі для моладзі ад беларускіх дзеячоў на эміграцыі, а таксама ад старэйшых сяброў. Запачаткаваны як скаўцкі, альбом пасьля быў альбомам Дванаццаткі, а тады стаўся альбомам моладзі наагул. Упісы ў яго датаваныя 1947–1956 гадамі.

    У зьмешчаных ніжэй запаветах — шмат заклікаў і самых узнёслых словаў ад старэйшых да моладзі. Выказаныя больш за поўстагоддзя таму, словы гэтыя, гэтыя спадзяванні, пахвала й маленьне гучаць сёньня гэтак жа актуальна, як і тады, калі яны пісаліся. Яны адрасаваныя маладому пакаленьню як такому, незалежна ад гістарычнага пэрыяду ці месца знаходжаньня. Маральны абавязак сёньняшніх маладых беларусаў азнаёміцца з гэтымі запаветамі, удумацца ў іх ды знайсьці ім месца ў сваім арсэнале прынцыпаў і пастулятаў, у сваім сьветаглядзе…»

    «Дванаццатка» — новы, глыбоказмястоўны, выдатны твор Янкі Запрудніка выклікае пачуцці, адпаведныя аднаму са шчырых, патрыятычных запаветаў кнігі: «Нясеце ў сэрцы імя Беларусі. Няхай Яна паказвае вам жыцьцёвы шлях. Не шкадуйце для Яе ахвяры высілку, а калі надарыцца патрэба, ахвяры крыві…»

    Лідзія Савік, кандыдат філалагічных навук

    www.lingvo.minsk.by


    Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.