Урок беларускага для ўсяго свету.
На пачатку жніўня ў Нью-Ёрку завяршыўся міжнародны кінафэст «За правы чалавека», які штогод праводзіць арганізацыя Human Rights Watch. У рамках фэсту адбылася амерыканская прэм`ера дакументальнага фільма Міраслава Дэмбінскага «Урок беларускага», знятага напярэдадні леташніх выбараў у Беларусі, паведамляе «Голас Амерыкі».
Урок, вынесены ў назву стужкі, адбываецца ва ўмовах падполля. Ліцэй, заснаваны з мэтай вывучэння беларускай мовы і падрыхтоўкі новай нацыянальнай эліты, быў зачынены па ўказе ўлад у 2003 годзе. Аднак заняткі працягваюцца. «Тое, што мы вучымся і гаворым па-беларуску – гэта пратэст», – гаворыць адзін з выкладчыкаў.
Рэжысёр Міраслаў Дэмбінскі выбраў у якасці герояў фільма моладзевых актывістаў. «Моладзь у Беларусі імкнецца ў Еўропу, і яны аддаюць перавагу хлебу і каўбасе свабоду і дэмакратыю», – гаворыць рэжысёр.
Ва ўмовах амаль поўнай адсутнасці свабоднай прэсы студэнты падпольнага ліцэя выказваюць вынаходлівасць: запісваюць музычныя кліпы пратэстнага зместу, выдаюць неафіцыйныя газеты, раздаюць улёткі напярэдадні выбараў. Для рэжысёра фільма такая актыўнасць – справа знаёмая. 25 гадоў таму, калі ў Польшчы было абвешчанае надзвычайнае становішча, Міраслаў Дэмбінскі правёў некалькі месяцаў у турме за распаўсюджванне ўлётак прафсаюза «Салідарнасць». Цяпер ён хацеў зірнуць на сітуацыю ў Беларусі вачамі апазіцыянера і вырашыў здымаць фільм падпольна, без афіцыйнай акрэдытацыі.
Гэта прывяло да пэўных цяжкасцяў, гаворыць аўтар: «За два тыдні да выбараў мяне спынілі на польска-беларускай мяжы, і мне давялося вярнуцца ў Варшаву. Але два маі аператары працягвалі працаваць у Менску. Гэта была ўнікальная сітуацыя – я ўжо 20 гадоў працую ў кіно, але ўпершыню мне давялося кіраваць здымкамі па мабільным тэлефоне».
Карціна дасягае «эфекту прысутнасці», і запал маладых апазіцыянераў, роўна як і моц накіраванага супраць іх рэпрэсіўнага апарата, цалкам адчуваюцца. Напярэдадні выбараў ім атрымоўваецца арганізаваць канцэрт у падтрымку кандыдата апазіцыі Аляксандра Мілінкевіча. Міраслаў Дэмбінскі раздзяляе аптымізм сваіх герояў, якія не трацяць веру ў перамогу дэмакратыі.
«Урок беларускага» стаў адзінай стужкай, якая прадстаўляе постсавецкую тэматыку на фэсце «За правы чалавека». Прац з былога Савецкага Саюза ў праграме ўвогуле не было. Магчымае тлумачэнне гэтаму прапаноўвае дырэктар фэсту незалежнага дакументальнага кіно ў Маскве «Кінатэатр. док» Міхаіл Сінёў:
«У нас у Расеі цяпер няма сацыяльнага або палітычнага кіно як паняцця. Гэта ідзе не ад знешняга ціску, а знутры. Гэта значыць, мала людзей, у тым ліку маладых, якія сацыяльна актыўныя або чагосьці хацелі б дамагацца ў палітычнай галіне. Ёсць невялікія групы, напрыклад, удзельнікі «маршаў нязгодных», але яны, як правіла, да мастацтва не належаць. А у культуру пакуль яшчэ не прыйшлі сацыяльна актыўныя людзі. Прынамсі, у нашай галіне».
З свайго боку, дырэктар нью-ёркскага фэсту «За правы чалавека» Бруні Барэс тлумачыць, што ў яе задачу не ўваходзіла высвятляць сітуацыю ў якім-небудзь з рэгіёнаў свету:
«Мы ганарымся тым, што паказалі фільмы з 19 краін. Сярод іх былі і мастацкія, і дакументальныя стужкі. Усе яны здольныя змяніць стэрэатыпы ў думках гледачоў, будзь гэта наконт сітуацыі ў Беларусі або звязаныя з глабальным пацяпленнем».
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.
|