Малітва за беларускую моладзь.
5 ліпеня 2007 году, у нядзелю, у нашым Саборы Сьвятога Кірылы Тураўскага адбылася Сьвятая Літургія, якую адправіў пратаярэй айцец Пятро.У канцы Літургіі царкоўны хор і ўсе прысутныя на набажэнстве выканалі малітву на словы Н. Арсеневай “Магутны Божа”.
Па заканьчэньні Літургіі быў адпраўлены Малебен за ўсю беларускую моладзь, якая змагаецца за незалежнасьць нашай Бацькаўшчыны.
Малітва за беларускі народ.
Уладару неба і зямлі, спрадвечны Божа! Мы дзеці Беларускага Народу, стараліся выконваць волю Тваю й запаветы Твае; у шчырай пакоры просім Цябе: выбач нам сьвядомыя й несьвядомыя правінны нашы. Ратуй нас ад усялякіх спакусаў, пашлі нам еднасьць, згоду й паразуменьне. Умацуй Сьвятым Духам Тваім зьняволеных братоў і сёстраў нашых – працай абцяжаных і тых, хто на ссылках і ў турмах пакутуе.
Дабраслаў нашае сьвятарства і адобры працу сялянства, работнікаў, настаўнікаў, пісьменьнікаў, мастакоў і вучоных, каб наш народ мог разумна і добра жыць і Цябе, Айца нашага нябеснага, увесь час славіць.
Асьвятлі наш розум Тваім евангельскім сьвятлом, каб мы, як анёлы нябесныя, заўсёды былі з Табою.Пашлі Беларускаму Народу слугаў Сваіх, якія пабожным жыцьцём і дзейнасьцю вялі –б наш народ да лепшае долі. Дай нам Госпадзе быць годнымі Людзьмі сярод людзей усяго сьвету. Амінь.
Хочацца выказаць свае думкі словамі Таісы Бондар:
Я не зайздрошчу маладым: яны не ведаюць , як доўга
Блукае ў цемрадзі дарога, перш чым разьвее чорны дым
І ўспыхне ў кропельках расы сьвітанка крэмавы адбітак...
А гэта ж – толькі час малітвы, якой Айца вітае Сын.
Той час малітвы, што душы, бязверрам сцёмненай, не збудзіць,
А як не збудзіць, то асудзіць... ніхто свой век не перажыў.
Мы ведаем, што хараство ратуе сьвет, але таксама і Любоў Божая ратуе сьвет. Адкочваецца час назад, у цем нябыту –
Усё, што ратуе нас, адвергнута, забыта.(Т. Бондар).
Ідуць старыя ў царкву, да Бога. Куды ж пайсьці бязбожным, грэшным нам? У бруд, у блуд вядзе людзей дарога, калі ў дарогі адабралі Храм.
Ды ёсьць пакуль што ў вечнасьці надзея, што нас у Храм дарога прывядзе...(Віктар Шніп “Звіняць званы”).
Ліна Сагановіч
Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.
|