БАЗА споўнілася 59 год.
31 ліпеня 1949 г. у Амэрыцы пачала дзейнічаць адна з найстарэйшых і найбуйнейшых арганізацыяў беларускай дыяспары – Беларуска-амэрыканскае задзіночанне (БАЗА).
Першая падрыхтоўчая сустрэча адбылася ў чэрвені ў Брукліне, а 31 ліпеня ў Манхэтане адбыўся арганізацыйны сход, на якім і была ўтвораная БАЗА. Заснавальнікамі арганізацыі былі Мікола Гарошка, Мікола Дарашэвіч, Уладзімір Машанскі, д-р. Янка Станкевіч, Янка Ніхаёнак, д-р Аляксандр Орса, Міхась Тулейка.
У 1950 г. арганізацыя атрымала афіцыйнае прызнаньне з боку амэрыканскіх уладаў. А 20 верасьня 1950 г. з’явіўся першы нумар друкаванага органу БАЗА – газэта ''Беларус''.
За першыя тры гады дзейнасьці беларускай арганізацыі ўзніклі аддзелы ў Манхэтане, Брукліне, Мэспеце (Куінз), якія пазьней былі аб’яднаныя ў Нью-Ёркскую акругу БАЗА. У 1951 г. быў заснаваны аддзел у Кліўлендзе (Агаё). Пазьней паўсталі аддзяленьні і ў другіх гарадах ЗША.
15 кастрычніка 1951 г. беларуская грамада Нью-Ёрку набыла будынак пад Беларускі народны дом і сабор Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
За гэтыя гады БАЗА ніколі не прыпыняла дзейнасьці на карысць Беларусі і беларусаў, як тых, што жывуць у ЗША, так і ў Беларусі. Сёньня існуе таксама маладзёвае крыло арганізацыі Моладзь БАЗА - Згуртаваньне Беларускае Моладзі ў Амэрыцы (ЗБМА). У планах–далейшае развіцьцё і пашырэньне.
Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына"
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.
|