26 красавіка 2007 году ў Нью- Ёрку прайшоў мітынг, прымеркаваны да 21-гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Мітынг быў падрыхтаваны Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньнем разам са Згуртаваньнем Беларускай Моладзі ў Амэрыцы і прысьвечаны салідарнасьці з пацярпелымі ад аварыі, а таксама з апазыцыйнымі сіламі, што выйшлі на “Чарнобыльскі Шлях” у Беларусі. Месцам мітынгу стала плошча перад Штаб-кватэрай Аб’еднаных Нацыяў пры Першай Эвэню ў Мангэтане.
Мітынг адкрыў выступам старшыня Нью- Ёркскага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня сп. Віталь Зайка, які распавёў пра гісторыю катастрофы, спробы яе замоўчваньня. Было падкрэсьлена тое, што супраць нашага народу было здзейсьнена злачынства, бо радыёактыўныя аблокі былі прымусова асаджаныя на тэрыторыі Беларусі па загаду камуністычных уладаў. Выступоўца засяродзіў увагу на тым, што наступствы катастрофы адчуваюць і тыя, хто нараджаецца зараз.
Перад прысутнымі на мітынгу выступіў Старшыня Беларускага Народнага Фронту сп. Зянон Пазьняк, які распавёў пра катастрофу і пра палітыку Масквы ў дачыненьні да яе. Было падкрэсьлена, што забруджаная зямля зьнікла для нас на тысячагоддзі і гэта ёсьць страшэнная, невымяральная катастрофа.
Апошняй выступіла Гражына Залеўская- адзін зь лідэраў Згуртаваньня Беларускай Моладзі ў Амэрыцы, якая падкрэсьліла, што зараз час моладзі змагацца супраць хлусьні і замаўчваньня гэтага злачынства.
Удзельнікі мітынгу, пераважна беларуская моладзь, скандавалі лёзунгі “Жыве Беларусь”, “Далоў Лукашэнку”, “Беларусь-ТАК! Лукашэнка-НЕ!”, гучалі Беларускі Нацыянальны гімн і “Пагоня”. Прысутныя выказалі сваю салідарнасьць з беларусамі, што жывуць на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях і адзначылі неабходнасьць больш шчыльнага адзінства беларускай грамады ў Амэрыцы, каб мець мажлівасьць як дапамагчы Бацькаўшчыне, так і больш эфэктыўна інфармаваць амэрыканскую грамадскасьць і міжнародную супольнасьць пра чарнобыльскую бяду.
|