18 сакавіка, у нядзелю, Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне і Згуртаваньне Беларускай Моладзі ў Амэрыцы правялі дэманстрацыю “Салідарнасьці” прысьвечаную гадавіне падзеяў на плошчы Каліноўскага ў Менску. Дэманстрацыя адбылася перад будынкам ААН.
Напачатку выступіў Спадар Старшыня БАЗА Антон Шукелойць, які заклікаў моладзь да актыўнага адстойваньня нацыянальных каштоўнасьцяў і дэмакратыі. Быў зачытаны зварот Спадарыні Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы да БАЗА і мітынгоўцаў.
Дэманстранты сьпявалі беларускія гімны “Магутны Божа” і “ Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, а таксама песьні беларускіх ваяроў. Паветра ўздрыгвала ад магутнага “Жыве Беларусь”! Былі агучаны патрабаваньні спыненьня перасьледу моладзі, вяртаньня беларускай мовы, як адзінай дзяржаўнай. Ад Эўрапейкага Зьвязу (прадстаўніцтва краіны старшыні– Германіі месьціцца ў ААН) было запатрабавана заняць арыентаваную на беларускія нацыянальныя каштоўнасьці пазыцыю.
У дэманстрацыі прымалі ўдзел аўтарытэтныя эмігранты Антон Шукелойць, Вітаўт Кіпель, Жорж Кіпель. Ад імя моладзі выступалі з прамовай Андрусь Чыж і Гражына Залеўская.
Дапамагай Нам БОГ! Жыве Беларусь!
Мікалай Цімашэнка, Старшыня Згуртаваньня Беларускай Моладзі ў Амэрыцы (Моладзь БАЗА)
www.zbma.net www.baza-belarus.org
|