Вынікі працы ЗБМА за 2007 год.
Мінулы 2007 год быў вельмі насычаным важнымі для беларускай дыяспары ў ЗША падзеямі. ЗБМА стала актыўным удзельнікам і арганізатарам большасьці мерапрыемстваў. У параўнаньні з папярэднім годам павялічылася колькасьць і якасьць праведзеных імпрэзаў. Склад арганізацыі павялічыўся за кошт далучэньня новых актыўных сяброў. Ніжэй будзе пададзены далёка ня поўны сьпіс імпрэзаў, у якіх нашая арганізацыя брала ўдзел.
27 студзеня, у суботу, у саборы сьвятога Кірылы Тураўскага ў Брукліне адбылася талака. На заклік Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня сябры ЗБМА ўдзельнічалі ў рамонце сьвятыні.
У лютым распачалася актыўная падрыхтоўка да Кангрэса Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, на якім павінены былі пераабраць старшыню арганізацыі. 4 лютага, адразу пасьля сустрэчы з Івонкай Сурвіллай, адбылася размова сп. Вячкі Станкевіча, колішняга дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода, а сёньня намесьніка Старшыні Рады БНР, зь сябрамі ЗБМА. Сп. Станкевіч прэзэнтаваў сябе, як аднаго з кандыдатаў на пасаду старшыні БАЗА.
16 лютага ў Вашынгтоне ЗБМА правяло акцыю пратэсту сумесна з суродзічамі з Вашынгтону. На акцыю, якая прайшла ля беларускай амбасады, зь Нью-Ёрку прыехала 30 сябраў ЗБМА і БАЗА. Прысутнічалі дыпляматы краінаў Эўразьвязу, шмат амэрыканскіх студэнтаў і беларусаў, якія навучаюцца ў амэрыканскіх унівэрсытэтах. Пратэстоўцы патрабавалі спыненьня дыскрымінацыі беларускай мовы, вызваленьня палітвязьняў, прыцягненьня выканаўцаў рэпрэсіяў і асабіста А. Лукашэнку да крымінальнай адказнасьці.
25 лютага ў саборы сьв. К. Тураўскага ЗБМА арганізавала сустрэчу з тагачасным настаяцелем сабору а. Пятром. Быў праведзены экскурс у гісторыя царквы. А. Пётр распавёў пра правілы паводзінаў у сьвятыні, асаблівасьцях Багаслужбы ды адказаў на пытаньні.
18 сакавіка, у нядзелю, БАЗА і ЗБМА правялі дэманстрацыю салідарнасьці, прысьвечаную гадавіне падзеяў на плошчы Каліноўскага ў Менску. “Як жыць, дык жыць для Беларусі” – пад такім лёзунгам у Нью-Ёрку насупраць будынка ААН прайшла гэтая акцыя .
25 сакавіка 2007 году ў грамадзкай залі пры саборы Кірылы Тураўскага ў Брукліне сябры ЗБМА удзельнічалі ў правядзеньні сьвяткаваньня 89-х угодкаў абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
На запыт ЗБМА мэр Нью-Ёрку Майкл Блюмбэрг абвесьціў 25 сакавіка ‘’Днём беларускай незалежнасьці’’ ў Нью-Ёрку.
25 сакавіка ЗБМА абвясьціла аб пачатку акцыі па дапамозе былым ахвярам савецкіх рэпрэсій, удзельнікам беларускага антысавецкага партызанскага руху. У межах акцыі “Дапамажы забытым героям” была зарганізаваная фінансавая і іншая дапамога гэтым людзям.
9 красавіка 2007 году ў Брукліне адбыўся канцэрт Лявона Вольскага. Сябры ЗБМА ўзялі на сябе арганізацыю і правядзеньне канцэрту, якую без перабольшаньня можна лічыць галоўнай культурнай падзеяй году ў жыцьці беларускай моладзі ў ЗША.
22 красавіка, ў нядзелю, y грамадзкай залі пры саборы сьв. К. Тураўскага ў Брукліне адбылася прэзэнтацыя апошніх паэтычных кніг Зянона Пазьняка: паэмы “Вялікае Княства” і зборніка вершаў і фатаграфіяў “Дарога”. Пад кіраўніцтвам сп. Валі Якімовіч сябры ЗБМА правялі дадзеную прэзэнтацыю.
26 красавіка 2007 году ў Нью-Ёрку прайшоў мітынг, прымеркаваны да 21-гадавіны Чарнобыльскай катастрофы. Мітынг быў падрыхтаваны БАЗА разам з ЗБМА і прысьвечаны салідарнасьці з пацярпелымі ад аварыі, а таксама з апазыцыйнымі сіламі, якія выйшлі на “Чарнобыльскі шлях” у Беларусі.
ЗБМА ганарыцца посьпехам і адукацыяй кожнага сябра арганізацыі. Скарбнік ЗБМА заняў 10-е месца ў фінансавым спаборніцтве, якое праводзілася аўтарытэтным фінансавым выданьнем ЗША – часапісам Bаrrоn’s. Спаборніцтва праходзіла з 30 кастрычніка да 30 сакавіка 2007 году. У ім бралі ўдзел каля 2000 чалавек – 1847 студэнтаў і 131 прафэсар унівэрсытэтаў ЗША.
ЗБМА прыняло актыўны удзел у справаздачна-выбарчым сходзе Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА, які адбыўся 20 травеня. Было абранае новае кіраўніцтва аддзелу, а таксама дэлегаты аддзелу на Кангрэс БАЗА, які быў праведзены 26 траўня. Сярод дэлегатаў на Кангрэс было 9 сябраў ЗБМА. Сябры арганізацыі таксама былі ўключаныя ў кіруючыя органы Нью-Ёркскага аддзелу БАЗА.
26 травеня 2007 году прайшоў 26-ы Кангрэс БАЗА. У прэзыдыюм Kангрэсу была абраная сяброўка ЗБМА Тацьцяна Кулакевіч (сакратар). У мандатную камісію ўваходзіў Мікіта Агароднік. На прапанову новага старшыні ў Галоўную ўправу была абраная сяброўка ЗБМА Гражына Залеўская.
10 чэрвеня ў залі Беларуска-Амэрыканскага Цэнтру ў Саўт-Рывэры, Нью-Джэрзі, сябры ЗБМА былі гасьцямі сьвяткаваньня 80-годзьдзя дырэктара БІНіМ Вітаўта Кіпеля.
БАЗА праводзіла 23-24 чэрвеня Купальле, якое адбылося ў мясьціне Крос Рывэр на поўнач ад Нью-Ёрку. ЗБМА прыняло ўдзел у падрыхтоўцы і правядзеньні мерапрыемства.
15 ліпеня прайшло адкрыцьцё Тыдня Паняволеных Народаў, якое традыцыйна пачынаецца Маршам Паняволеных Народаў, у якім самы актыўны ўдзел прынялі сябры ЗБМА.
5 жніўня 2007 адбылася акцыя “Шляхам Вострыкава” па ўшанаваньню подзьвіга беларускага патрыёта і нацыяналіста Цімоха Вострыкава, які ў 1953 годзе быў скінуты з парашутам у Беларусь. Пасьля скачкоў адбыўся збор ахвяраваньняў на падтрымку Вострыкава. Дапамога сп Вострыкаву аказвалі неаднаразова.
19 жніўня, у нядзелю, сябры ЗБМА прынялі ўдзел у сьвяткаваньні Яблычнага спасу, які ладзіўся Нью-Джэрзійскім аддзелам БАЗА. Пасьля заканчэньня сьвяткаваньня моладзь наведала беларускія могілкі. Беларускія юнакі й юначкі аддалі даніну пашаны спачыўшым там суродзічам. Азнаёміў прысутных з гісторыяй могілак і з лёсамі спачыўшых старшыня ЗБМА.
25 жніўня, у суботу, ЗБМА правяло чарговую акцыю па ўшанаваньню подзьвіга беларусаў і беларусак, якіх ня здолеў зламаць злачынны савецкі рэжым. Адбыўся спуск па рацэ Дэлавар на чаўнах. У час вандроўкі былі зачытаныя ўспаміны спадарыні Надзеі Дземідовіч – сяброўкі СБМ, вязьня ГУЛАГу, удзельніцы лягернага Кенгірскага паўстаньня 1954 году.
Таксама была сабраная дапамога для яе.
17 кастрычніка 2007 года сябры арганізацыі ўзялі ўдзел ва ўкраінскім “Маршы Памяці”, прысьвечаным 75-й гадавіне галадамору ва Ўкраіне. Беларуская моладзь прыняла ўдзел у маршы па 51-й вуліцы ў Нью-Ёрку, а пасьля ў памінальнай службе ў саборы сьв. Патрыка. Беларусы са сьцягамі займалі месца на трыбуне для ганаровых гасьцей. Перад Багаслужбай адбылася сустрэча з прадстаўнікамі ўкраінскай моладзі й з вэтэранамі паваеннага антысавецкага руху ва Ўкраіне. Сябры БАЗА і ЗБМА былі адзінымі прадстаўнікамі народаў, прыгнечаных камунізмам, якія прынялі ўдзел у Маршы.
6 сьнежня сябры БАЗА ў Вашынгтоне арганізавалі сустрэчу з дэлегацыяй беларускай апазыцыі. Апазыцыянэры прыбыла на сустрэчу ў поўным складзе, уключаючы Аляксандра Мілінкевіча, Анатоля Лябедзькі, Паўла Севярынца і іншых. Акрамя беларусаў, якія жывуць ў Вашынгтоне і ваколіцах, на сустрэчу завітала прадстаўнічая група ЗБМА зь Нью-Джэрзі й Нью-Ёрку на чале зь Міколам Цімашэнкам. Сябры ЗБМА мелі асобную сустрэчу з Паўлам Севярынцам, на якой ён падзякаваў арганізацыі за яе дзейнасьць.
Фінальным акордам дзейнасьці моладзі было сьвяткаваньне Новага году. Правядзеньня імпрэзы запатрабавала поўнага напружаньня сілаў і стала рэальнай праверкай ЗБМА на жывучасьць і тое, ці мае арганізацыя будучыню. Імпрэза прайшла выдатна.
Хацелася-б падзякаваць сябрам арганізацыі, якія далі магчымасьць былым вязьням ГУЛАГу атрымаць доступ да блакаваных рэжымам сродкаў масавай інфармацыі, а менавіта Тацьцяне Кулакевіч, Ільлі Куніцкаму, Натальлі Петух, Міколу Салянскіаму Але Ермаковіч, Натальлі Брылеўскай, Марыне Пацічук, Віталю Ракуцю, Сьвятлане Чарэднікавай і многія тым, хто не захацеў, каб іх імёны фігуравалі ў артукуле з-за рэпрэсіўнай палітыкі беларускіх уладаў.
Мела нашая арганізацыя летась акрамя посьпехаў і вострыя спрэчкі і канфлікты. Ня ўсе прадстаўнікі беларускай дыяспары падзяляюць погляд на ролю самастойнай думкамі й духам моладзі на будучыню беларускае грамады. ЗБМА і найбольш актыўныя яе сябры, адчулі на сабе ціск з боку некаторых нашых суайчыньнікаў. Прытрымліваючыся прынцыпу “не выносіць сьмецьце з хаты”, ЗБМА фактычна была адціснутая ад жыцьця сабору сьвятога Кірылы Тураўскага ў Брукліне. Асобныя актывісты парафіяльнай рады абвінавацілі моладзь у амаральных і антыхрысьціянскіх паводзінах, антыбеларускай дзейнасьці і г. д. Фіналам стала тое, што старшыня ЗБМА быў па-хамску недапушчаны на парафіяльны справаздачна-выбарчы сход.
Грамада! Мы мусім зьвярнуць увагу на нашыя агульныя праблемы. Настала пара даць адпор хамству! Ня можна дапускаць неадукаваных скандальных асобаў з дыктатарскімі замашкамі да кіраўніцтва нашымі арганізацыямі. Яны толькі адпіхнуць сумленных людзей ад грамадзкай працы. Шкода ад іхняй дзейнасьці будзе нашмат большаю за тую карысьць, якую яны быццам-бы прыносяць нашай грамадзе. І першыя вынікі мы ўжо бачым.
Падводзячы вынікі насычанага падзеямі 2007 году, можна сказаць, што стаў ён годам моладзі. Беларуская моладзь ЗША, і ў прыватнасьці ЗБМА, актыўна прымалі ўдзел у жыцці беларускай дыяспары. ЗБМА паказала сябе сапраўдным моладзёвым рэзэрвам БАЗА. Моладзь паказала, што мае свой погляд на тое, якой павінна быць будучыня беларускай дыяспары ў ЗША.
Мікалай Цімашэнка, старшыня ЗБМА
Газэта "Беларус"
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.
|