(Фота+Відэа) Мітынг у гонар 90-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.
22 сакавіка, у суботу Беларуска-Амерыканскае Задзіночаньне і Згуртаваньне Беларускай Моладзі ў Амэрыцы правялі мітынг у гонар 90-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Мерапрыемства прайшло каля штаб-кватэры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью Ёрку.
Напачатку ў гонар сьвята ад імя Згуртаваньня Беларускай Моладзі ў Амэрыцы 20 беларускіх дзяўчын і жанчын атрымалі па 3 ружы-дзве белыя і адну чырвоную.
Адкрыў мітынг Старшыня БАЗА спадар Віталь Зайка, які павіншаваў прысутных са сьвятам і расказаў пра вялікае значэньне 25 сакавіка для захаваньня беларусаў як нацыі ва ўмовах замежжа. Ён ушанаваў мужнасьць беларусаў, якія пакутуюць у вязьніцах і заклікаў улады Беларусі вызваліць палітычных зьняволеных.
Старшыня ЗБМА Мікола Цімашэнка распавёў прысутным пра гісторыю сьвята і аддаў даніну пашаны Змагарам за Беларусь, якія адстойвалі ідэалы 25 сакавіка на плошчы Каліноўскага ў Менску 19 сакавіка 2006 года. Асобна ён павіншаваў усіх беларусак, тых хто дарыў і будзе дараваць нашае Бацькаўшчыне яе мужных сыноў-абаронцаў.
Адзін з лідараў ЗБМА Мікіта Агароднік распавеў прысутным пра значэньня сьвята і пра працу беларусаў замежжа на карысьць Радзімы.
Пасьля прысутныя прасьпявалі беларускія гімны ''Магутны Божа'' і ''Мы выйдзем Шчыльнымі Радамі'' і іншыя беларускія песьні.
ЗБМА аб’явіла пра зварот да амэрыканскіх кангрэсмэнаў і сэнатараў з мэтай правесьць слуханьні ў кангрэсе ЗША па пытаньню свабоды Хрысьціянства на Беларусі.
Уражаньні сяброўкі ЗБМА Аляксандры Макарук: ''У гэтую суботу я прысутнiчала на мiрнай дэманстрацыi, прысвечанай дню незалежнасцi нашай краiны. Акрамя таго, што мы мелi мажлiвасць пабачыць i павiтаць адзiн аднаго, мы згадалi пра цяжкi шлях Радзiмы да гэтай выдатнай даты, чаму нам загадалi забыць аб ёй, чаму змянiлi наш сьвяты сцяг i чаму мы павiнны былi сустрэцца тут, у Злучаных Штатах, з плякатамi пад дзвярыма ААН, а не з роднымi на Беларусi. I радасна i сумна… а павiнна быць шчаслiва! Хочацца, каб кожны з беларусаў меў мажлiвасць вольна святкаваць гэты дзень...Са Святам! Гэта наш дзень нараджэння!
Са Сьвятам Беларусы! Бапамагай Нам Бог! Жыве Беларусь!
Мікола Цімашэнка
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.