• Галоўная
  • English
  • Пра нас
  • Пра БАЗа
  • Відэа
  • Фотаздымкі
  • Форум
  • Гасьцёўня
  • Спасылкі
  • Кантакт
  • Нашы банэры
  • Дадаць навіну
  • Рассылка




  • Вакол падзеяў у саборы сьв. К. Тураўскага ў Брукліне.

    Цягам апошняга году сабор сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне (Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы) быў захоплены групай парафіянаў, якія самавольна сталі на шлях прыватызацыі грамадскага майна, якім ёсьць будынак сабору. Дзеючы насуперак іхных абавязкаў, група гэтая адхіліла ўсіх нязгодных зь ейнымі дзеяньнямі парафіянаў ад прыняцьця рашэньняў у парафіяльных справах і, адкінуўшы хрысьціянскія вартасьці, помсьціць ім за крытычныя выказваньні.

    Папярэднічала гэтаму кампанія хлусьні, разьвязаная супраць сьвятара, кіраўніцы парафіяльнага сястрыцства, шматгадовага сакратара царкоўнай рады і кіраўніка царкоўнага хору, а таксама супраць маладых парафіянаў. Завадатарам і натхняльнікам кампаніі стаў скарбнік парафіі сп. Мікалай Сагановіч.

    Перад парафіяльным сходам 3 чэрвеня 2007 году частка сябраў парафіяльнай рады, у парушэньне Статуту БАПЦ, самаўпраўна і беспадстаўна пазбавіла права голасу 29 парафіянаў, якія аплацілі парафіяльныя складкі. Падрыхтоўка да сходу і ягонае правядзеньне адбываліся з ігнараваньнем Статуту БАПЦ. У знак пратэсту тады вялікая колькасьць парафіянаў пакінула сход, і далей ён працягваўся без належнага па Статуце кворуму. У выніку незаконных дзеяньняў часткі сябраў парафіяльнай рады і недэмакратычна абранага прэзыдыюму сходу самаўпраўства было замацаванае, і ў вузкім коле, з парушэньнем Статуту, прайшлі перавыбары парафіяльнай рады, у выніку чаго зь яе складу былі выключаныя шматгадовыя ахвярныя дзеячы парафіі, уключаючы паважанага і заслужанага для БАПЦ старэйшага парафіяніна сп. Юрага Касьцюкевіча; і двойчы ўзнагароджанага падзячнымі архірэйскімі граматамі сп. Мікалая Вашкевіча; а на Барыса Данілюка, аднаго з выбітных актывістаў разьвіцьця і ўмацаваньня БАПЦ, абрынуліся цкаваньне і абразы. На сходзе была незаконна зацьверджаная справаздача скарбніка сп. М. Сагановіча, тады як рэвізійная камісія начале з спн. Валянцінай Балашчанка выкрыла шматлікія парушэньні й злоўжываньні, дапушчаныя сп. М. Сагановічам.

    У ліку парушэньняў сп. М. Сагановіча было выкрыта наступнае. У шматлікіх выпадках ён аплочваў выдаткі парафіі на вялікія сумы сваімі пэрсанальнымі чэкамі, а затым пераводзіў гэтыя сродкі з рахунку парафіі на свой прыватны рахунак. Гэта звычайна робіцца дзеля сьпісаньня падаткаў пад відам дабрачыннасьці, і таму такая практыка ёсьць незаконнай згодна з рэгуляцыямі падатковай службы IRS. Выдаткі на суму 10540 даляраў не былі дакумэнтальна абгрунтаваныя (чэкамі, накладнымі ці інш.). На некаторых чэках на куплю будматэрыялаў няма назваў і адрасоў крамаў, дзе яны былі набытыя. Вялікія сумы з рахунку сп. М. Сагановіч выпісваў на сваё імя, быццам, у спагнаньне нейкіх даўгоў перад ім, якія дакумэнтамі не пацьвярджаюцца. Сп. М. Сагановіч пералічваў адпрацаваныя дабраахвотнікамі гадзіны на грашовы эквівалент, за які выдаваў пасьведчаньні для зьмяншэньня падаткаў, што забаронена рэгуляцыямі IRS. У выніку такіх маніпуляцыяў сп. М. Сагановіча і дзякуючы хаосу у ягоным касавым рахункаводстве, парафія, бяз згоды правамоцнага парафіяльнага сходу, апынулася ў даўгах.

    Аб’яўлена пра стварэньне пры саборы цывільнага музэю мастацтва, які належным чынам не зарэгістраваны. Музэй карыстаецца будынкам сабору без дазволу духовых уладаў і правамоцнага парафіяльнага сходу, што стварае пагрозу беспадаткаваму статусу сабору. Пабудова памешканьня пад музэй вядзецца ў неадпаведным, бо падземным, паверху, і на будоўлю яго выдаткоўваюцца значныя сумы з грошай, назьбіраных на аднаўленьне сабору.

    24 лютага ў саборы прайшоў яшчэ адзін парафіяльны сход, вынікі якога ёсьць гэтак-жа незаконныя й супярэчныя Статуту БАПЦ, як і тое, што адбылося на сходзе 3 чэрвеня 2007 году. Перад сходам рэвізійная камісія ізноў выкрыла новыя парушэньні вядзеньня фінансавых справаў сп. М. Сагановічам, але справаздача старшыні рэвізійнай камісіі спн. В. Балашчанкі не была заслуханая. Сход праводзіўся за замкнёнымі дзьвярыма. З ужыцьцём фізычнай сілы ў залю не былі дапушчаныя парафіяне, якіх незаконна пазбавілі права голасу. Зноў паўтарыліся супрацьзаконныя дзеяньні – вялікая колькасьць парафіянаў была пазбаўленая права голасу. Старшыня рэвізійнай камісіі спн. В. Балашчанка была зьнятая са сваёй пасады пад штучным прэтэкстам. На яе месца пастаўлены актывіст неправамоцнай самазванай групы сп. Сагановіча. Усе папярэднія парушэньні вядзеньня сходу паўтарыліся ізноў.

    Мы, парафіяне сабору сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне патрабуем аднаўленьня справядлівасьці і вяртаньня законнасьці ў жыцьцё і дзейнасьці парафіі, і выказваем свой пратэст супраць раскольніцкіх дзеяньняў групы М. Сагановіча, якая незаконна праводзіць прыватызацыю грамадзкай маёмасьці беларусаў-вернікаў Нью-Ёрку.

    Вернікі сабору сьв. Кірылы Тураўскага

    Газэта "Беларус"


    Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.