• Галоўная
  • English
  • Пра нас
  • Пра БАЗа
  • Відэа
  • Фотаздымкі
  • Форум
  • Гасьцёўня
  • Спасылкі
  • Кантакт
  • Нашы банэры
  • Дадаць навіну
  • Рассылка




  • Зварот Рады БНР.

    20 лютага Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла звярнулася да суполак беларускай дыяспары з нагоды мерапрыемстваў у Беларусі 25 сакавіка. Сп-ня Сурвілла прапанавала беларусам замежжа звярнуцца да ўрадаў краін пражывання з тым, каб яны паўплывалі на сённяшнюю ўладу Беларусі, бо дагэтуль няма ўпэўненасці, што беларускія ўлады не будуць ужываць сілу супраць мірных дэманстрантаў 25 сакавіка – у Дзень волі.

    Ніжэй падаецца поўны тэкст звароту.

    Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

    _____________________________________________________________________

    Дарагія Суродзічы!

    У 2008 годзе беларусы ўва ўсім сьвеце адзначаюць 90-тыя ўгодкі БНР.

    Дзевяноста гадоў таму, у надзвычай цяжкіх умовах, наш народ знайшоў у сябе адвагу і сілу абвесьціць сьвету, што ён таксама хоча быць гаспадаром ў сваей хаце. Устаўныя Граматы БНР, і менавіта Акт 25-га Сакавіка, ёсьць найбольш каштоўнымі дакумэнтамі ў гісторыі беларускага народу. Бязь іх Беларусаў магчыма ўжо не было-б на гэтым сьвеце. Угодкі іх мы з удзячнасьцю мусім адзначыць.

    Песымісты між намі магчыма скажуць, што няма чым цешыцца, бо-ж мы ўсё яшчэ не дасягнулі нашай мэты стацца вольнай эўрапейскай краінай, такой, якімі ёсьць сёньня нашыя заходнія суседзі.

    Тых, хто так думаюць, прашу прыпомніць пра перажытае ў 20-м веку, пра нашую вытрываласьць, пра нашую непахісную веру ў лепшую будучыню нашага народу.

    Змагаліся мы на працягу 90 гадоў супраць шалёнай русыфікацыі, баранілі нашыя найбольшыя каштоўнасьці, нашую мову і культуру, усюды дзе маглі прыпаміналі сьвету, што Беларусь жыве і што народ беларускі мае права, так як і ўсе народы сьвету, на волю і незалежнасьць.

    Ёсьць чым ганарыцца, ёсьць што сьвяткаваць.

    Дарагія Суродзічы, абавязкам кожнага з нас ёсьць зьдзейсьніць гэты апошні высілак, які зробіць нас вольнымі людзьмі. У краінах сьвету, дзе Вы пражываеце, дайце да ведама Вашым уладам пра нязносныя адносіны лукашэнкаўскай намэнклятуры да нашай моладзі, найлепшых дачок і сыноў Беларусі, да нашай мовы і да нашай спадчыны.

    Адначасна, зьвярніцеся да Вашых урадаў, каб далі да ведама лукашэнкаўскаму рэжыму, што сьвет не будзе вечна талераваць зьдзеку на нашых вуліцах і праспэктах над мірнымі дэманстрантамі, якія 25 Сакавіка будуць жадаць урачыста адзначыць 90-ую гадавіну БНР, наш Дзень волі і незалежнасьці.

    Разам мы асягнем нашую мэту – волю і дэмакратыю для нашага народу.

    Жыве Беларусь!

    Івонка Сурвілла,
    Старшыня Рады БНР

    20 лютага 2008 году


    Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.